Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

няты забастоўкаю, яе нараджэньнем, цеганінаю і вынікамі… Раз перажытое ў Рызе, цяпер захапіла яго цалкам.

І вось забастоўка стрэлася з ім тварам да твару. Звычайным днём па звычайнай дарозе ён накіраваў да заводу. І толькі пераступіў парог на заводзкі двор, як зараз-жа з грамадою таварышоў вярнуўся на вуліцу. Выйшаў і ўгледзеў, як наўсьцяж ад клінікі Вільле ажно да стыку з Выбарскім шосэ Сампсоніеўскі проспэкт выглядаў надзвычайным, прасторным і ўрачыстым. Ні ламавікоў, ні паравікоў, а грамады рабочых па тротуарах, каля брам у дварох, на рагох вуліц. Зычны гоман. Наперадзе іх — буйная маніфэстацыя. Над сотнямі галоў невялічкі чырвоны сьцяжок. Марсэльеза.

Рыгору не хапіла моцы сутрымацца ад нахлынуўшага на яго натхненьня. Ён мігам ачуўся наперадзе колёны і падхапіў песьню папярэдняе маніфэстацыі. Але не пасьпеў ён падаць знаку да пяяньня сваім суседзям, як перад ім вырас эскадрон казакаў. Разьюшаныя да пуду коні стрэламі імчаліся на роўныя колёны рабочых. Сакаталі падковы сталёвым шротам па бруку. У запыленым паветры апісвалі кругі казацкія нагайкі. «Раз-зай-дзі-ісь! — лавілі вушы перадавых радоў. Тысячная колёна зацішыла хаду, настаражылася. Казакі кіравалі, як на бар’ер. Сутрымаць? Бязмэтна! І маніфэстацыя раздваілася, прапускаючы азьвярэлых коньнікаў. Дзьвюма сьцянамі пасталі рабочыя абапал вуліцы. Сьвіст і гіканьне пагналіся за казакамі і хутка рабочыя зноў зьліліся ў маніфэстацыю. Усьлед ад’яжджаючых казакаў панесьліся гучныя тоны марсэльезы. Рыгор ішоў наперадзе, па правым флангу колёны. Сутычка з казакамі, якія нясупынна гарцавалі ад аднае да другое маніфэстацыі, заклапочанасьць поліцэйскіх атрадаў — яго інтрыгавалі, зацягалі. Было відаць, што запал рабочых тугі і ўстойны.

Сампсоніеўскі проспэкт гудзеў голасам перадстаячых боек… Зьбіраньнем сіл… Рыгор бачыў, як хвіліна ад хвіліны людзкі натоўп гусьцеў, заліваючы прасторы шырокае вуліцы. Гэтаму вобразу было нельга ня схіліцца. Яго вялікасьць асьвячалася духам рабочае ваяўнічасьці… Паўстанцкі задзёр нішчыў баязьлівасьць. Сьмеласьць кідала вызаў непадгатаванаму ворагу… Вось-вось — то там, то сям — гудуць шыбкія палёты каменьняў у казакаў. Поліцэйскія бяруць наперавагу вінтоўкі… Але на іх ніхто не шманае. У рабочым раёне — сьцеражыся, вораг рабочых!

Рыгор пасьля трэцяга разгону іх маніфэстацыі згубіў Пятру-