Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыгор раптам саскочыў з ложка, у бялізьне, тут-жа абліты променем сонца — ачуўся каля акна. Але мігам адскочыў, засаромеўшыся. Захаваў постаць, а высунуў голаў і ўгледзеў:

Натоўп сялян.

Яны стаялі каля воза і сумяціліся, тупалі, гукалі. Усе — адвярнуўшыся к возу, на якім выдзялялася белая лугавіна. Рыгор прыгледзеўся, і калі адзін з сялян адышоў, зрабіўшы прагалак, угледзеў: на возе ляжала кабета; пад галавою — пульхная белая падушка на зялёным сене. Сагнуўшыся, кабета пільна глядзела перад сабою і балюча ойкала. Прытрымоўвала рукою грудзі, нібы зашпільваючы адзежыну.

— Вось, пане доктар. Не давязьлі, бачыце. Паражаніца на возе!

То казаў белабрысы, худаваты, з рэдкаю бародкаю і тонкімі простымі вусікамі, востраносы селянін. Ён быў заклапочаны і не адыходзіў ад доктара.

— Паруля, табе нядобра? — пытаў ён кабету.

«Радзіны».

Раніцою, пекным сонечным днём — па дарозе ў больніцу.

Рыгор пусьціў тварам вясёлую ўхмылку. Адышоў ад акна і стаў адзявацца. «Як хораша нарадзіўся чалавек! Хораша тым, што ўжо занадта проста і сьмела… На-хаду, так скаваць, у рyхy… Цікава!.. Помню, як Лявонаў Юзік… маці жала авёс, а ён пад сьвіст сярпа… Тут-жа — на дарозе… Цікавае нараджэньне! А якаво-ж будзе яго жыцьцё? Якімі выхілясамі пойдзе далей яго дарога, што пачалася ў гразкім карчомным дварэ?..»

Абарваліся Рыгоравы думкі — сяляне выяжджалі з двара. Аднэй абутай нагою, а другой босай — вярнуўся ён да акна, і праз сонца, гарачае ды зыркае, паглядзеў на сівыя сьпіны: сяляне з доктарам ішлі за возам, гаманілі мяккім, як сьвежая трава, гоманам.

Рыгор шчыра схіліў голаў — гэтак даюць пашану вялікай заслужанай асобе — і даадзеўся.

Мыючыся, вярнуўся да перарваных думак: «Ня хочацца раўняць да сябе, не… Толькі само напрашаецца, прэ… Амаль ня год астрогу — падумаць!.. Ці разьлічвала маці, нарадзіўшы мяне, што прайду гэткую дарогу! Сілцы–Менск — сотні разоў; Рыга–Сілцы, Сілцы–Рыга і астрог. А радзіўся, ці не сьвяціла, як і тут вось, сонца? Цуда? Чалавек — дробнае стварэньне, здаецца, а падумаць, ды разабрацца — цэлы сьвет, вялікі