Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ПЕРШАЯ



I

РЫГОР АБУДЗІЎСЯ. Расплюшчыў вочы і паглядзеў: ма­ленькая каморка, брудная і няпрыветная ўчора вечарам, зараз сьмяялася ветлівай гасьціннасьцю. Сьцены, аблезлае люстра, паломаны стол і крывы тапчан — мыліся бліскучым сонцам, плаўкім і празрыстым. Маленькае вакенца ў шэсьць няроўных, шыбак — зіхацела, адбіваючыся рамамі на сьцяне…

А ў дварэ, за сьцяною, моцна і рэзва гаманілі. Некалькі галасоў, грубейшых і танчэйшых, гулчэйшых і цішэйшых. Усе нэрвовыя, трывожныя, але трывогаю ня злою, балючаю, а лёгкаю ды звонкаю.

Гамонка перарывалася, пераскаквала тонамі, на нейкі час спынялася, каб зноў пачацца…

Вось некалькі галасоў зьліліся ў адзін, разбавіліся, сталі крапчэйшымі, ім мэрам-бы хто набіваў абручы на жалезную бочку…

Раптам заіржэў конь і людзкі гоман.

Што-б там гэткае?

Рыгор прыпадаяўся: — не хацелася ўставаць — нядзеля — і паглядзеў. Наўскасяк акно, таму ў яго ваччу мігнулася колькі асоб, трасянуўшы поламі сівых сьвітак. Зразумела — былі сяляне. Кірмаш, местачковы, звычайны. Заехалі сяляне ў карчму, абступілі перакупшчыкі.

Смагін — тыя-ж Сілцы… Учора ехаў і зьлічаў — акурат. Вузкая, крывая вуліца. Пры хатах — садкі. У хатах — вячоркі: дзяўчаты, хлопцы. Прайшлі вуліцаю мужчыны ды з песьняю:

— Ой, у лузе, лузе…

А за акном гучней:

— Х-га-а-га-га-а! Гм-гы-ы!

Няўжо гэткі ўпарты торг?..

Зноў гоман, падобны гулу…

«Пагляджу!»