Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пятрусь узяў з яе рук чайнік і паставіў на стале, сярод, згруджаных талерак, шклянак ды кускоў булкі.

— Можа ў краму схадзіць? — запытала маладзіца.

— Дзякуй, пакуль ня трэба.

Маладзіца выйшла. Пятрусь зачыніў за ёю дзьверы і пазваў Рыгора да стала.

За гарбатаю хлопцы наперабой адзін другому задавалі розныя пытаньні. У іх гутарцы падзеі з грамадзкага жыцьця цесна пераблытваліся са здарэньнямі з жыцьця прыватнага. Кожны стараўся як найпаўней абмаляваць свае паводзіны з часу разлукі ў Сілцох. Але казаньня было гэтулькі многа і цікавасьць яго была настолькі востраю, што каб усе іх абгаварыць — ня стала-б ня толькі вечару, а і цэлай ночы. Загэтым хлопцы абмяжоўваліся адрыўнымі сказамі, часта прапускаючы запытаньні і адказы, або адкладаючы іх абгавор надалей.

Тым ня меней гутарка зацягнулася на некалькі гадзін. Няўпрыкмет ніводнаму на дварэ вечарэла. Па калідоры, за дзьвярыма пакою, пачуліся крокі падсуседзяў-жыхароў. Знадворку пацягнула халадком.

На Рыгора павеела прыемным спакоем вёскі. Гарадзкі шолам, які спаткаў яго на вакзале і праводзіў да Пятрусёвай кватэры, змаўкаў. Забірала спакойнасьць бясьпечнага прытулку.

Пятрусь адчуваў таварышоў настрой і быў цалкам за тое, каб яго не зварушыць. Але яму здавалася, што Рыгору яшчэ прыямней будзе, калі ён яго выведзе на вуліцу. З гэтай думкаю Пятрусь запрапанаваў:

— Дык маеш ахвоту выйсьці на вуліцу? Га, Рыгор?

Рыгор ахвотна згадзіўся.

Яны выйшлі з дому і пайшлі ўсьцяж доўгае, роўнае вуліцы.

Гэта была вуліца дач. Абапал яе цягнуліся агарожы, за якімі ўпярэмежку знаходзіліся сады, гароды і драўляныя адзін ці двохпавярховыя будынкі. Пад капяжамі іх выглядалі цьмяна-сінія нумары. Пахла водырам красак і зеляніны. У гушчы дрэў чуліся зыкі гармонікаў і балалаек. Дзесьці наперадзе іх грала духавая музыка: управа — хор заводзіў «гусараў-вусачоў».

Ад усяго гэтага нясло ідыліяй і спакоем. Зусім ня чулася блізкае прысутнасьці гораду-волата з яго гулкім гоманам і нясупынным рухам.