Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

перагарадзіць Пятрусю дарогу, як той падняў вочы і спыніўся, гледзячы на Рыгора.

— Добры вечар, таварыш! — пераняў яго зьдзіўленьне Рыгор і працягнуў руку.

Дзяўчына адступілася, мэрам-бы адчуўшы сваю лішкасьць. Рыгор з Пятрусём пацалаваліся і раптам павярнуліся да дзяўчыны:

— Прабачайце, Рыма, — выказаў Пятрусь: — гэта мой таварыш-зямляк, Рыгор Нязвычны… А вось Рыма Беразак, зямлячка, з Віленшчыны.

Паружавеўшы на твары, дзяўчына фанабэрна працягнула Рыгору руку.

— Дзе-ж твае манаткі? — запытаў Пятрусь і паглядзеў на дзяўчыну.

Тая зьлёгку ўхмылялася, падазрона пазіраючы на Рыгора. Яго непразэнтабэльны местачковы выгляд крыху шокіраваў дасканала нараджаную і, відаць, ганарыстую знаёмую Пятруся. Рыгор заўважыў гэта, але не даваў выгляду, знарок падкрэсьліваючы свой провінцыялізм:

— Насіўся, насіўся па Лясным, а пасьля кінуў.

— Кінуў? Дзе? Жартуеш?

— Сапраўды… А ты-б хацеў, каб цябе стрэў з рэчамі за плячыма? Я ўжо гадзін дзьве ў Лясным…

— Так… Нечакана… І чаму ты, скажы, калі ласка, не захацеў паведаміць мяне пра выезд?..

— Чаму я не хацеў паведаміць?.. Я сам сябе пытаю пра гэта і не магу адказаць…

Дзяўчына затупала на месцы. Пасьля кранула Пятрусёвай рукі і праказала:

— Я вам перашкаджаю… Бывайце-э…

— Слухайце-э, Рыма… мы з вамі ўгледзімся? Сёньня? Заўтра?

— Будучыня пакажа…

— Як?

— Ці-ж вам вытлумачыць усё да дробкі?

Дзяўчына пайшла.

— Яна нездаволена! — заўважыў Рыгор.

— Ганарыстая, — адказаў Пятрусь і раптам спыніўся:

— Ах, а я абяцаў ёй пайсьці ў тэатр. Фу ты!..