Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ці ў Рызе. Жыцьцё намагала на першае: склалася гэтак спрыяюча, што ня выпісаць Рыгора ў Пецярбург — было-б ніякавата і не па-таварыску нават.

І толькі Пятрусь замацаваўся на заводзе, разьвёў знаёмства з шырокім колам рабочых, як упарта стаў шукаць Рыгору месца. Шукаючы, рэкомэндаваў таварыша, як добрага майстра і як сур’ёзнага дасканалага рэволюцыянэра. Таварышы пасобілі Пятрусю ў гэтым і хутка знайшлося не адно, а некалькі месцаў. Але Пятрусь разгубіў іх, бо ўсё ня мог знайсьці Рыгора. Ліст ад Гэлі, а пасьля і бацькавы лісты, паведаміўшыя пра Рыгора, супалі з тым, калі з усіх магчымасьцяй уладзіць Рыгора на работу мелася толькі адна, дый то не асабліва ўдачлівая. Тым ня меней Пятрусь у першым-жа лісьце да таварыша запрасіў яго ў Пецярбург. І, паслаўшы ліст, Пятрусь дрыжэў ад нясьцерпу прычакаць Рыгора і баяўся, каб той не зацягнуў ад’езду. Як і што павінен быў уладзіць гэта Рыгор, Пятруся ня цікавіла — ці-ж Рыгора павінна хоць што-кольвечы спыніць? Каб іншага, а Рыгора — ніколі.

Аднак, Рыгорава маруднасьць прымушала Пятруся задумлівацца. Ня быў ён цалкам упэўнены і ў тым, што Рыгора неадкладна зрушыць і тэлеграма. Пятрусь меў намер праз пяць дзён біць паўторную. Ня гледзячы на гэта, ён некалькі разоў езьдзіў на вакзал «на кожны выпадак». Але ў дзень прыезду Рыгора Пятрусь выпадкова не зрабіў гэтага. Нешта карцела, вымушала праехацца, а настойнасьць таварышоў, што зьявіліся да яго зранку, перашкодзіла гэтаму. Пятрусь ня мог адмовіцца прапусьціць міжзаводзкую нараду, якая была прызначана ў Азярках. Нарада адняла шмат часу і, калі скончылася, было ўжо позна ехаць на вакзал. Пятрусь, не сьпяшаючы, вярнуўся з Азяркоў а трэцяй гадзіне дня. Магчыма астаўся-б там на многа пазьней, каб знаёмая яму дзяўчына не ўгаварыла ехаць разам.

Пятрусь якраз праводзіў яе па тэй вуліцы, на якой жыў, калі Рыгор угледзеў яго наводдалек. Рыгора ўзяло сумненьне, ці паклікаць Пятруся, ці найсьці на яго ў упор. Спыніўся на апошнім.

Выглядала цікавым, калі Рыгор, ідучы настрэчу Пятрусю, нязмігутна сачыў за кожным крокам таварыша, чакаючы, што Пятрусь вось-вось яго пазнае. Але той і не западозрыў нічога. Ён быў захоплены размоваю з сваёю спадарожніцай. Неадхільна глядзеў дзяўчыне ў твар, пасьміхоўваўся, нават рагатаў і ні на што не зважаў. І зусім раптам — прымха! Толькі Рыгор меўся