Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Знарок — не знарок, а гэта табе за тое, што ты такі пэўны. І дзе-ж ты быў так доўга? Заблудзіў, ці якое ліха?

— І заблудзіў і праспаў, што-ж рабіць… Вунь зайшоў у другі канец Жукавай вуліцы, ледзьве выбраўся.

— А ты думаў — жарты? — пасьмяяўся Сёмка.

— Але…

— А мы з Пятрусём ужо прачакаліся цябе і рашылі, што ты ня прыдзеш; на ўсякі выпадак я і вышаў страчаць.

— О, не! Хоць-бы яшчэ гадзіну блудзіў… А Пятрусь дзе?

— Ды там, у Ліня.

— А Зосі няма?

— Чаму не, і Зося там; нават і Бераг Васіль не забыў прыйсьці. Поўная хата хлопцаў і дзяўчат.

— Няўжо і Васіль там? Мусі-быць ён ня ведае яшчэ, што я прыехаў?

— Я зусім іначай думаю: ён за гэтым і прышоў, што праведаў аб тваім прыезьдзе: ён так напужаўся гэтым, бадай што не адстае ўжо ад Зосі.

— Як гэта? — пацікавіўся Рыгор.

— Ды так: не сягоньня — заўтра сватоў пасылае к Прыдатным.

— Няўжо? Ці то можа быць?

— Што? Сумлеваешся?

— Ня верыцца.

— Павер.

— А Зося, як глядзіць на гэта?

— Ды што Зося? тут, брат, ня ў Зосі рэч: тут сам Мікола кіруе ўсім… Па Зосі — ніколі-б гэтага ня было, бо яна яго ня любіць, але, мне здаецца, ня хопіць у яе сілы паперашкодзіць бацькавай волі; сьмеласьці ня хопіць. А бацькі так цьвёрда паставілі зьвязаць яе з Берагамі, што, бадай, ніякія рады не памогуць. Свая хэўра, знатнасьць! Рука к руцэ цягне… Дзедзічы!..

Рыгор задумаўся. Берагі выклікалі ў яго нутру агіду і адваротлівасьць.

— Дык, па твоему, мне мо’ зусім ня варта і мяшацца? — упэўніўся Рыгор.

— Чаму ня варта мяшацца? Наадварот: ты стань так, каб быць плотам, цераз каторы ні за што-б не пераскочыў Васіль. Хай сабе там бацькі таргуюцца ды радзяцца… Я ведаю добра, што Зося да цябе мае найлепшыя адносіны. Павер мне: колькі