Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

проста да павароту і там пачнецца Леша… — намалоў хлапчук і зьнік.

Рыгору апісаная хлапчуком дарога зразу дапомніла знаёмыя мейсцы, і ён пусьціўся ісьці.

Жукавая вуліца, у якую ўваходзіў Яўрэйскі перавулак, была ціхая і пустая: агонь быў стушаны ва ўсіх хатах, а на вуліцы ня чуваць было жаднаго зыку, не спатыкалася ніводнага чалавека. З другіх канцоў мястэчка даносіліся да яго вушэй стройныя песьні моладзі, крык і выгукі. Рыгор прыслухаўся да знаёмых яму песянь і варочаў у памяці нядаўнае мінулае, зараз далёка адляцеўшае ад яго і не выклікаўшае ў ім тых пачуцьцяў і настрояў, якія яму былі ўжыўны да паездкі і жыцьця ў горадзе. Цяпер ён лішні раз адчуў, што ў яго жыцьці прайшла высокая мяжа, паабапал якое два розных сьветы. Той сьвет, у каторым ён жыў да паездкі ў Рыгу, страціў сваю цнотную цікавасьць, пашарэў і пахаладзеў. Той другі, з якім ён сустрэўся ў шумным бурлівым горадзе, сярод тысяч рабочых, новых для яго людзей, у заводзкіх майстэрнях — гэты сьвет запаланяў яго нутро, заварожваў думкі і пачуцьцё. Рыгор адчуў, што тая прага наведаць Сілцы, з якою ён прасіўся на адпачынак, канцэнтравалася амаль выключна на жаданьні ўгледзецца з маткаю, Зосяю ды з таварышамі. Іншыя мотывы прадстаўлялі сабою нешта нямоцнае, крохкае, аджываючае. Грунт, на якім ён рос і гадаваўся, выглядаў кладкаю, пакладзенаю для пераходу з аднаго берагу на другі. Калі давялося вярнуцца назад, то не для таго, каб гэта паўтараць часта, шкадуючы пакінутага, а з тым, каб яшчэ раз паглядзець на тое што, магчыма, на заўсёды пакідаецца… І раптам прагучэўшая песьня дзесьці ўлева ад яго паказалася Рыгору дужа мізэрнай і ціхай, калі ён перакінуў сваю думку ў грымлівыя сьцены рыскага заводу… «Так, маці, Зося, Сёмка і Пятрусь, якіх мне даводзіцца зараз мо’ апошні раз бачыць у Сілцох», — падумаў Рыгор і пачуў:

— Рыгор! Куды ты?

Рыгор міжвольна адступіўся назад.

— Ха-ха-ха! — пачуў захлёбісты рогат: — Вось, брат, табе горш як Рыга, — праказаў нечаканы жартаўнік, у якім Рыгор адразу пазнаў Сёмку.

— А каб ты аглузьдзеў, як я… Цьфу, каб ты прапаў! — вылаяўся Рыгор: — ці-ж гэта ты знарок дагэтуль стаяў за плотам ды пільнаваў мяне?