Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Міколаў сьмех быў іх зьмірыцелем, і Марта перш хацела ўшчаць гутарку, а потым памякчэла і выгнала з галавы злую думку. Нядзеляю, верыла яна, грэшна злаваць ня толькі на свайго роднага ці блізкага, а нават і на чужых людзей, і ў яе грудзях раптам абудзілася новае пачуцьцё к Міколе: ёй захацелася падыйсьці к яму, абняць яго, пацалаваць і папрасіць прашчэньня. Перш ужо Марта намерылася гэта зрабіць, потым разам нібы сумелася і ніяк не магла адважыцца. Ёй стала няёмка: яна апусьціла голаў і задумалася. Але хутка яе выручыў сам Мікола: набіўшы люльку і прыпаліўшы вугальком з ямкі, ён падстутіў к Марце, палажыў ёй на плечы руку і задавалёна ды весела праказаў:

— Хочаш, я цябе пацалую?

— Уй, уй, адкасьніся!

— Маўчы, прашу я! — і Мікола ёмка цмокнуў жонку ў выпуклы лоб.

— А ты ведаеш, Мартуля, з-за якой прычыны я сёньні крыху пахмяліўся? Ведаеш? Адгадай, калі ня ведаеш! Га?

Марта сьпярша маўчала і моўчкі адступіла крокаў два ад мужа, потым разам ухмыльнулася, падняла голаў і запытала:

— А па якой?

— Ды гэта, ведаеш, Васіль Бераг сустрэў мяне на рынку, скора я выйшаў з дому, ды кажа: «хадзем, хіба, цесьцю, ды пасьнедаем крыху». Я перш адказваўся, але ён так прыстаў, што нельга было адгаварыцца і я мусіў зайсьці з ім к Піню. Зайшлі гэта мы, вось Васіль, нічога ня кажучы, паўбутэлькі на стол, а далей закускі. Перш па чарцы, потым па другой. Загаварыліся… Адкуль не вазьміся — прыйшоў Хлёр ды яшчэ паўпляшкі — і цэлая бяседа. Вось за гарэлкаю Хлёр і зварачаецца ка мне з гэткім пытаньнем.

— Я, кажа, браце-Міколе, маю к табе важны інтэрас!

— Выкладайце, кажу, яго на далонь.

— А вось, кажа, ці ня пара стаць нам сватамі? Я думаю гэтага — паказваючы пальцам на Васіля, — кажа, хлопца жаніць на тваёй дачцы; думаю і сур’ёзна думаю. Я яшчэ так тыдзень у суботу мерыўся прыйсьці к табе ў сваты, але адлажыў не некі час… Ну як думаеш? Што скажаш?

— Чаму не, — адказваю я, няхай бог спрыяе.

Як толькі сказаў я так, дык мой Васіль і сам ня свой ад радасьці: абвісае гэта на шыю, заве бацькам і толькі; а Хлёр,