Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зося цікавілася гэтым ня так востра, як маці; і на запытаньне адказвала гультайным кіўком галавы.

І толькі Мікола пераступіў парог, Марта, як бачыш, павесялела; заварушылася, забегала, ня спускаючы з яго свайго ласкава-апытальнага ўзроку, якога ён ня змог спакойна перанесьці і змушан быў чуць прыкметна ўхмыльнуцца нейкаю патайною, хоць і мяккаю ўхмылкаю. Марта адказала на гэта раскацістым рогатам:

— Дзеж-ты быў цэлы дзень? — запытала яна мужа.

— А табе цікава ведаць?

— Вядома, што цікава!

— Калі цікава, то вось-жа не скажу.

Зося нібы ня чула гэтых перагавораў: яна спакойліва, цішком сядзела на лаве, абапёршыся локцем на стол і моцна над нечым думала. Пасьля раптам, быццам хто яе настроіў, усхапілася з мейсца, сарвала з вешалкі хустку, ускінула яе на плечы і выбегла ў дзьверы. Гэта ўсё яна зрабіла так хутка, што нават бацькі ня ўсьпелі агледзіцца, як яе ня стала ў хаце.

— Зоська, пачакай! Вячэра-аць будзем, — пазваў Мікола.

— Я скора вярнуся! — ужо з двара адгукнулася Зося.

— А я і ня скмеціў, калі яна вышмыгнула, — набіваючы пальцамі люльку, а вочы ўшчэрыўшы ў капшук з тутунём, ні то жонцы, ні то самому сабе, праказаў Мікола.

Па яго міне, па голасу і па Міколавай няўстойлівасьці на нагах, Марта зразу дагадалася, што яе муж ня без граху, што ён ня абмінуў сёньні чортавага зельля. Як кабета дужа скнарная, хцівая-ж бяз меры і на дзіва скупая, яна раптам так і ўскіпела ад злосьці: ды чаму ён так не шануе грошы?.. Хоць такія выпадкі ў іх хаце трапляліся гады ў рады, толькі сьвятамі, ды ў гадзіны бясед, але патом гэта ня зьмірыла жаднае кабеты, у якой цалкам засталася паганая натура Зэкавага котлішча, і кожны раз яна ўпікала Міколу. Праўда, Мікола зусім мала патураў на яе выгавары і часта сьмяяўся з таго, што яго, прыкладна пуцёвага чалавека, ды жонка на пуць наставіць хоча. На ўкоры Марты ён адказваў жартамі і ўрэшце заўсёды канчалася мірам. Дзякуючы гэтаму, асобнай грызьні і сваркі ў іх хаце ніколі ня было.

І сёньня, калі яшчэ Мікола толькі ўзяў першую чарку ў рукі зусім няжданна стрэўшыся з Васілём Берагам, то ўжо ведаў, што яму адказаць жонцы.