Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

злёгку сутулы, але ростам сваім кропля ў кроплю ў Сёмку гэта Пятрусь, сын такіх-жа, як і Сёмкавы бацькі, небагатых мяшчан. Як быццам-бы само жыцьцё зьвязала іх — яны былі неразлучнымі ў дваіх. Прыходзілі на зборню, наймаліся ў заработкі — «запісваліся» ў дэмократы, хадзілі на няможныя «сходы і сьпявалі рэволюцыйныя песьні, хавалі лісткі і кніжачкі — усё ў дваіх, усё разам, неразлучна. Падружыліся і палюбілі Рыгора таксама аднакава, як адзін, так і другі.

Сёмка, Пятрусь і Рыгор! На што, здаецца, ім было раставацца, калі Рыгор выяжджаў? Мусілі — вялела жыцьцё. За тое толькі ён прыехаў, вярнуўся, як ім нудна была хвіліна ў разлуцы…

Так таварышкуюць толькі тыя, хто зьвязаны аднымі думкамі і аднымі інтарэсамі.

Калі Пятрусь і Сёмка выйшлі з Рыгоравага двара і паглядзелі ўсьцяж вуліцы, разьвярнулася цікавая карціна: уся вуліца, ад Загор’я да рынку так і кішэла людзьмі — жанкі, мужчыны, дзеці — як рой пчол гудзелі вясёлай гутаркай. Цераз дзьве-тры хаты прызба памостам была ўсаджана сілцоўцамі, на сёньні церазчур ужо гаманлівымі, асабліва рэзьвістымі і жартаўлівымі. Лёталі, як мухі, вясёлыя дзеткі, кожнае з пішчолкаю ў зубах, з ралачкаю бярэзіны ў руцэ, з куском булкі, ці блінца ў другой. Пекная, ціхая, хоць ад гэтага крыху душнаватая пагода, прыдавала ўсяму прыгожы, жыцьцёрадны воблік.

Прайшоўшы кусок вуліцы ў дваіх, ля трэцяй ад Рыгоравай хаты Сёмка з Пятрусём разыйшліся: адзін павярнуў у свой двор, а другі пайшоў удоўж вуліцы. Ісьці выпала Пятрусю.

Пры аднэй з запоўненых людзьмі прызбаў, яго запыніла памежнніца Марцэля Юркава і жартам запытала:

— Адкуль цябе нясе, Пятрусь?

Пятрусь ахвотна адказаў, што ён быў у Стэпінага Рыгора, які толькі што сёньня прыехаў з Рыгі ў госьці.

Усе зьдзівіліся, бо гэта было навіной у вуліцы, і бабы паслалі Пятрусю плойму запытаньняў: а што Рыгор расказваў, а ці палепшаў, ці здаровы, ці прывёз з сабою грошы і інш. і інш. Пятрусь сьпяшыў, ды не хацеў аб усім казаць і, каб адкасьніцца ад жанчын, жартоўна адказаў:

— Вось я іціму назад і ўсё раскажу.

Жанчыны пагразілі яму пальцамі, але ў адказ атрымалі яго мяккую ўсьмешку і заняліся сваімі гутаркамі.