Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/458

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Хаця-б сам даехаў здароў! — казала Пятрусёва маці, пазіраючы ў акно. — Якая пагода няцікавая і цямнота, сырасьць…

І праўда, цёмная ноч ня вабіла з хаты, тым болей, што хатняе цяпло было крэпка нагрэта пачуцьцём расстаньня. У гэткія моманты выразьней, як калі, паўстае вялікая любасьць да ўсяго таго, што перад гэтым за якую хвіліну не прыкмячаецца нават; ды разам з гэтым вынікае несьвядомая трывога — ці ўдасца яшчэ калі бачыць тое, шта пакідаеш. Пятрусь прыпамінаў разьвітаньне з Рыгорам, калі сам быў захоплен парывам — ехаць. Чаму яно так? Можа таму, што гэты парыў перабіваўся адзнаньнем таго, што ўсё-ткі ён астанецца дома, хоць і меў ахвоту падзяліць кампанію з Рыгорам. Цяпер-жа, калі сам спаткаўся з фактам свайго ад’езду — было іншае адчуваньне. Але ня быў-бы ён самастойным чалавекам, каб паддаўся хвілёваму пачуцьцю.

А дзевятай гадзіне, толькі вывеў брацішак на двор запрэжанага каня, як Пятрусь з усімі, хто прышоў праводзіць, пакінуў хату. На вуліцы разьвітаўся з Хведарам Загонам, Палікарам Ганкам, яшчэ з двома-трыма чалавекамі, а з іншымі пашоў за падводаю.

Сярод гэтых іншых была і Стэпа. Яе захапіла некая незьясьнёная надзея, зыркая, як усходні промень, і цёплая, як сонца ў ліпнёвы поўдзень, надзея ў тое, што Рыгор стрэнецца з ёю. Ёй хацелася верыць, пасьля таго, калі Пятрусь дапомніў пра Рыгу, што ён напэўна вось зараз і накіроўваецца туды. Прыпомніла, як пры спатканьні з Рыгорам у яе хаце Пятрусь пільна распытваў пра Рыгу, пра жыцьцё ў ёй. А мо’ яшчэ тады згаварыўся з Рыгорам над’ехаць да яго. Пецярбург — просты адвод вачэй. Зрабілася суматоха, ці-ж паказаць начальству ўсе свае задумы? Гэта западозранасьць Стэпы вырастала на кожным кроку ўсё болей ды болей, падбівала яе пад сакрэтам запытаць Пятруся. Хлопцы ды дзяўчаты перашкаджалі гэтаму. Тады Стэпа, ідучы з Пятрусёвай мацерай, рашыла ёй адкрыць свае думкі — добра, што адчувала да яе раптам паўстаўшую прыязьнь. Шэптам, нахіліўшыся да вуха, праказала:

— Прузынка, а ці ня думаеш, што сын едзе не ў Пецярбург, а куды інш? Не выгаварваўся ён часамі? Мне ўсё здаецца, што Пятрусь абраў сабе іншую дарогу…

Прузынка зьдзівілася.