Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/450

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

былі запэўнены ў нядобрым скутку… Вось чаму назаўтра з ранку, толькі Сёмка вышаў на вуліцу, каб звычайным чынам ісьці ў поле, да яго падыходзілі сілцоўцы, мужчыны і кабеты, цікавячыся і пытаючы, чаму і навошта яго з гэткім шоламам вадзілі да станавога. Сёмка выдумаў адзін адказ, якім і збываўся. Ён казаў, што яго выклікалі з-за справы Віктара, над якім паведзена новае сьледзтва наконт аслабаненьня. Гэта было сказана і бацьком. Сутнасьці справы ён не хацеў адкрываць, папершае, каб не даведалася Стэпа Нязвычніха, падругое, каб ня ўзрадаваць непрыяцеляў Рыгора. Толькі таварышам — Пятрусю, спаткаўшы на дарозе ў полі, Сролю ды яшчэ аднаму з ім, што прышлі да Сёмкі на поле, ён перадаў сапраўдны сэнс яго позвы да станавога. З гэтымі таварышамі Сёмка падрабязна абгаварыў выпадак з сабою. Усіх іх, асабліва самаго Сёмку, вельмі дзівіла тое, як і што здарылася ў Рызе; што да поліцыі папала пісьмо, ды пісьмо Наталі. Ён дагадваўся і выказваў свае дагадкі таварышам, што, напэўна, пісьмо было перахоплена, і ні ў якім разе не дапускаў, каб яно было гэтак, як яно, сапраўды, было. У кожным разе паведамленьне Сёмкі таварышам надаўміла ім многае. Асабліва паказным было адабраньне ад Сёмкі падпіскі не адлучацца з Сілцоў. Гэта сьведчыла, што справа ня скончана, што ў любы момант поліцыя можа паклікаць да сябе не аднаго Сёмку, а многіх з іх… Усе згадзіліся на тое, каб быць гатовымі на ўсякі выпадак, а Пятрусю парадзілі адлажыць свой ад’езд на некі час — ня так кінецца ў вочы, ня дасьць выгляду, нібы ідуць уцёкі… Нарэшце, усё-ж, калі Сроль варочаўся ў Сілцы, Сёмка пастараўся загладзіць першае ўражаньне, якое атрымалі таварышы; ён паказаў сябе перад ім пераконаным у нясур’ёзнасьць справы. «Мала што: мне здаецца, што ўсё скончыцца добра». Самому, вядома, рупела, і ён, цэлы дзень працуючы, быў заняты гэтым. Займала Сёмку болей усяго адно: чаму вышла ў Рыгора гэткая неасьцярога, што ён даручыў дзяўчыне пісаць яму, Сёмку, пісьмо. У гэтым Сёмка падглядаў залішнюю давернасьць з боку Рыгора. Разам з гэтым у Сёмкавым разуменьні не магло зьмясьціцца, каб то Рыгор сам мог дазволіць, пэўна, бязгрунтоўнай асобе вясьці ад яго імя перапіску. Але магло здарыцца зусім іншае, чаго нельга адгадаць, ня быўшы на месцы. У кожным разе атрымалася штосьці няпрыемнае, над чым ня шкодзіла падумаць.