Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/449

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Многія застанаўляліся на гэтай думцы, дадаючы:

— А-яй-яй! У самы прыпар забяруць ад бацькоў гэткага працаўніка!

Берагі, Псюкі, Крумкі і некаторыя іншыя іх пакрою паціралі рукі, забыўшы пра Зосю.

А Волька, напалоханая, прасьлязілася…

Жанцы сьпяшылі ў Сілцы, нясучы трывогу.


VIII

НАЗАЎТРА ВЫЯСЬНІЛАСЯ, у чым справа.

Сёмку забралі так экстрэнна на допыты згодна сьпешнага «прадпісаньня» Ліцкага спраўніка прыставу «дапрасіць Сямёна Хведаравага Загона, які мае сувязь з Рыгорам Міхасёвым Нязвычным і іншымі асобамі, заарыштаванымі ў гор. Рызе, па справе іх належнасьці да патайнога таварыства, якое становіць сваёю мэтаю», і г. д. Улікаю быў ліст да яго, адрасаваны Наталяю па просьбе Рыгора. Гэта выясьнілася на допытах, якія, аднак, ня кончыліся дрэнным для Сёмкі. Сёмка спрытна адказаў на ўсе запытаньні прыстава і быў адпушчаны пад расьпіску ні куды не выяжджаць з Сілцоў. Справа выходзіла ня гэткаю страшнаю, як аб тым можна было думаць і чакаць перад гэтым. Шуканьне Сёмкі ў полі, незадоўга да таго, як вось-вось ён мог быць дома, далей — справоджаньне яго трыма ўзброенымі стражнікамі сапраўды наводзіла на ўсялякія гутаркі. Тым болей, што дэмокрацтва яго было не таямніцай для большасьці сілцоўцаў. Магло быць, станавы атрымаў загад з павету, а можа і па свайму пачыну рашыў злавіць Сёмку ў полі, каб менш бачыла людзей, і адправіць туды, куды ўжо быў адпраўлены Віктар Стаўбун, Хаім Крупнік і іншыя. Ня дзіва, што многія, бачачы гэта, выказваліся так: «Нарэшце не ўцалеў і Сёмка. Цярпелі, цярпелі і пасьля заарыштавалі». Або: «Ізноў пачынаецца — многім хлопцам не здабраваць будзе».

Ну, а бацькі Сёмкі, дык тыя дашчэнту перапалохаліся, толькі ўгледзелі ў дварэ стражнікаў. У іх ня было іншай думкі, апроч тае, што іх Сёмка папаў у добрую пастку. І бацька і маці бегалі па некалькі разоў з дому на рынак, абураныя роспаччу, радзіліся з людзьмі, як і што ім рабіць. Ніводнае не спадзявалася, што справа кончыцца зваротам Сёмкі гэтым-жа вечарам, хоць і позна, дадому. Бацькі пасьля ня верылі сваім вачом, настолькі