Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/447

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

паніі ня прызнаў, што Васіль зрабіў дрэнна, ускалануўшы ўвесь палетак. Болей таго — гэты самы Псюк патвараў Васілю, хочучы падкрэсьліць правільнасьць яго паступку:

— Вось няхай ведае на другі раз… — ківаў ён пальцам у бок, куды пабегла Зося да бацькоў: — гэтакіх гусак трэба, не шкадуючы, скубці. Вядомая рэч! Дай бабе волю — завядзе ў няволю! Ня супыніш спачатку — прапала. Го-о!

Пасьля адварочваўся ў бок, дзе стаялі прыхільнікі Зосі, і лаяў Сёмку:

— Яшчэ гэтая заноза патрабуе добрых абцугоў… Баламуціць моладзь…

— На добры лад, трэба было, як падбег ён бараніць, кінуць Зосю ды запліскаю па ім…

— А я-б гэта зрабіў, каб к часу падбег, — хваліўся Хлёр. — Што-што, а гэтага нельга цярпець. Якое ім дзела, сукіны дзеці?..

Абгавор здарэньня заняў каля гадзіны часу. Пасьля па адным жанцы разышліся, і ізноў пачалося жніво, як і першыя дні, з песьнямі ды выгукамі жанцоў. Толькі больш цікавыя азіраліся ў бок Берагавае палоскі, сочачы, ці не вярнулася Зося ад бацькоў. Але мінаў час, а Зося не вярталася; і гэта абяцала далейшае разьвіцьцё здарэньня, ужо ў саміх Сілцох. Дагадваліся і судзілі, каму была ахвота, як і што гэта здарэньне разьвернецца, хто возьме верх, чым яно кончыцца. Рыгор уплятаўся ў яго з ўсіх бакоў, мэрам-бы ён прысутнічаў дзесь недалёка — мо’ ў Сілцох, а мо’ і ў жытнім палетку. Сёмка асабліва думаў пра таварыша, прагнучы хутчэй паведаміць Рыгору ў пісьме аб Зосіным жыцьці. Ён на гэты раз сам пачаў спагадаць, чаму, сапраўды, Рыгор ня змог вывесьці Зосю з гэткае напасьці. «Можа і вінаваты», судзіў ён. І дапускаў мажлівасьць напомніць Рыгору аб гэтых сваіх вывадах…

Наогул, для ўсіх гэты дзень канчаўся пад уражаньнем адыгранага Васілём Берагам спэктаклю. Аб ім дапаміналі і ўзгоркі на пожні, і кусьцікі зьдзічэлых ігрушак на Берагавай палосе, і гняды конь, што таптаўся недалёчка. Многія пранясьлі-б яго ў Сілцы, дзе, магло стацца, дзеі ў тым ці іншым выглядзе паўторацца.