Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/440

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сельлі прагледзець нічога такога, што-б вяшчала тыя ці іншыя шурпатасьці ў будучым жыцьці маладых. Нават, здавалася, і Зося адкінула ад сябе хмурыя раздумы ды больш рэзва глядзела на рэчы. Перагаварвалася з Волькаю, з Гэляю, паказвала пальцам на мацярок ды на вясёлага, захопленага ігрышчам Васіля…

Аднак, ужо назаўтра, калі новы дзень устаў перад Зосяю ў звыклай сваёй будзёншчыне, яна пачула сябе сьціснутаю. Трэба было пачынаць новае жыцьцё, у новых абставінах, з людзьмі, да якіх далёка яшчэ ня прывыкла да гэтага часу. Гаспадарка мужа, як кожная гаспадарка ў часы жніва, вымагала да сябе ўвагі, працы. Нельга было раздумваць ды прыглядацца. Зося ведала гэта. Але тупала па хаце, нясьмела пазіраючы ў куты і ня ведаючы, за вошта і як узяцца. Тым болей, што Тадося, сьвякроў, хапалася за ўсё сама: і ў печы паліла, і цяляці траву выбягала падкідаць, і давала распараджэньні Васілю. На нявестку-ж, ці сумысьня, ці з нядбаласьці, мэрам-бы не патурала; хоць нельга было ня прымеціць, як колкія ўзрокі старое накіроўваліся на Зосю ды ганяліся за ёю, куды яна тупала.

Гэтак мінуў дзень, другі, трэці. У хаце Берагоў адчувалася нейкая нацягнутасьць. Тадося не падавалася на размову, як-бы знарок вытрымоўваючы сур’ёзны нораў сапраўднае сьвякрові. Васіль чамусьці маўчаў таксама, мэрам-бы адчуваючы якуюсьці няёмкасьць ні-то за мацеру, ні-то за самае вясельле. Зося старалася абмінуць гэта тым, што выходзіла з хаты, ці ў траву ідучы, ці адносячы да каваля сярпы ў точку, ці забягаючы да сваіх бацькоў. Вечарамі надыходзіла Марта ў даведкі, і ўжо гэтым паднімала тую ці іншую рознастайнасьць настрою. У гэтыя хвіліны Зося разьвязвала язык, умешвалася ў гутарку мацярок, але пільна адводзіла кожнае слова, калі яно хілілася крануць іх, Зосі з Васілём, сямейнага жыцьця. Яна адчувала і прадбачыла, што ўсякая неасьцярога запляцецца сьвякроўю ў лычка і пасьля разбэрсаецца ў Зосін бок.

А што Тадося заплятала лычкі, відаць было ўсім, найлепш самой Зосі. Так і чулася ў хаце — старая нясупынна намякала на сваю волю ды на сваё кіраўніцтва і верхаводзтва; кожны паварот, кожны намёк ці ківок галавы — Зося дзень за днём ляпей падмячала — казалі за гэта. Можна было і трэба было чакаць ад Тадосі прызнаньня ў гэтым. Муха-заваруха — і бура ў хаце.