Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/432

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Цэлы дзень, не супыняючыся і на трошкі, яна прахадзіла па горадзе, наведваючы таварышоў, аб’яжджаючы фабрычныя раёны. Забыла прыйсьці паабедаць. Чула вялікую ўтому, як, звычайна, прышоўшы з работы. Але, вярнуўшыся на кватэру, занядбала ўсё, і нават вячэру, ды села за пісаньне.

— Хай-бы ты паабедала перш. Чуеш, Наталя? — перабіла яе дзядзіна.

— Толькі спраўлю пільную работу.

— Дык абед астыне.

— Нічога, халодны зьем.

— Чаму ты ўсё не палюдзку?

Наталя не дачула і змаўчала. Дзядзіна нездавольна крутнула галавою.

— Такі то-ж прысьпела так, што і яды адцурваецца, — прамовіла яна, адыходзячы ад Наталі.

Але Наталя ня заўважыла нават, аддаўшыся пісьму. Цэлая эпопэя, жывая, багатая, лунала над ёю, захапляючы дзяўчыну цалком.


III

САДЗІЛАСЯ ПІСАЦЬ, то думала, поўгадзінкі часу — і скончыць. А пачала пісаць — ня бачыла канца! Хацелася нічога не прапусьціць, не забыцца, думалася, каб пісьмо вышла складным і далікатным — пісала-ж Рыгораваму таварышу. І яна, пачаўшы ад непасрэдных здарэньняў з Рыгорам, чапіла на працягу пяці старонак амаль ня ўсіх момантаў з гісторыі іх знаёмства. Стрэчы на сходзе ў Артура, уражаньне ад гэтага, першыя гутаркі з Рыгорам, а далей характар яго ды нораў, свае думкі аб ім; і толькі ў канцы вывела, з якой мэтаю яна піша Сёмку ліст і што Сёмка павінен заключыць з яго. «Хай ужо, як будзе!» заключыла Наталя і тут-жа рашыла аднясьці яго ў паштовую скрынку. Забыла, што не наклеіла маркі, што гэтае маркі нават ня мае пры сабе. Адзелася і павярнула да дзьвярэй. Дзядзіна супыніла.

— Куды ты, не вячэраўшы! Ці ты маеш лад, Наталя?

Тая азірнулася.

— Вячэра сапсуецца дарэшты. Што табе так пільна прысьпела…