Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/430

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цешыўся яе пачуцьцю таварыскасьці і сяброўства. Заключаў, што Наталя сапраўды мае шчырую душу і спагадлівае сэрца і, пэўна, яго істота знашла ў ёй цёплае месца. І нявыказна, магнэтнаю сілаю цягнула яго к ёй; рознастайныя вобразы яе не адыходзілі ад Рыгора. Поза, у якой Наталя стаяла на спатканьні, рысы яе твару, узрок вачэй, драбнейшыя рухі галавы, губ, веек — асталіся ў яго выабражэньні. Нейкая чароўная істужка з пачуцьця і думак Рыгора пацягнулася ўсьлед Наталі, а нагостранае выабражэньне вышуквала далейшыя ігры ў яе рухах, узроку і нават у думках. Хвіліна ад-хвіліны, калі ён усядаўся адным, не патураючы на ўсё, што вакол рабілася, і заплюшчваў вочы, сьцены астрогу зьнікалі; адчынялася бязьмежная гала, шырокі прастор, зелень, дрэвы і мора… Пры беразе, над яго хвалямі — Наталя з ім, жвавая, рэзвая, вёрткая, як вавёрка, як стрэлка… Сонца аблівае іх касьнікамі променю, вольнае паветра студзіць лёгкім повеем…

Таварышы аддавалі павіннае яго настрою: ні адзін не чапаў Рыгора. Толькі паважна, няпрыметна кідалі на яго кароткімі ўзрокамі зноў варочаліся да сваіх клапот ці гутарак. Толькі на змроку, калі вось-вось мусіў заблішчэць агонь электрыкі, Рыгор не сьцярпеў, каб не паспавядацца суседу.

— Як-то яно бывае так, што адзін дробны выпадак робіць цэлую рэволюцыю ў тваім жыцьці. Бачыце: прышла на спатканьне знаёмая дзяўчына, — таварышы пагутарылі са мной аб сім, аб тым і быццам заваражыла. Усе думкі, усё пачуцьцё прыцягнула да сябе…

Суседу Рыгоравы словы паказаліся звычайнаю рэччу:

— Таварыш, — адказаў ён: — не забывай, што мы ў астрозе, папершае, а падругое, прышла дзяўчына. Прышла дзяўчына, ды, пэўна, блізкая, а можа яшчэ… Ну, мала што бывае… У нашу прозу ўразаецца часамі сьветлы промень прыгожасьці, і тады мы ажываем…

— Так, — перабіў Рыгор таварыша, — праўду вы кажаце: — мы ажываем. Я, прызнаюся, цэлы дзень жыў, як апушчаны ў нірвану… Гэткія шчасныя хвіліны апутвалі маю істоту. Падумайце: жыцьцё вымушае чалавека яму карыцца. Якімі-б мы ні былі моцнымі, колькі-б ні выкладалі сілы на змаганьне з ім, усё-ж такі дагэтуль мы астаемся пераможанымі…