Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ТРЭЙЦЯЯ



I

А Ў ТОЙ САМЫ ЧАС, калі Зося вышла ня рынак і зрабіла першы абход вакол крам, а Васіль, стоячы ля кліраса падпяваў дзяку, Рыгор накіраваўся па вуліцы Сілцоў к сваёй хаце. Гілаўскі карчмар Шэя па просьбе Рыгора ўехаў у Сілцы цішком; ён зьлез з воза і, трымаючы каня за лейцы, ішоў побач падводы і перакідаўся словам-другім з Рыгорам, які сядзеў на аглабіне драбін і пільна азіраў кожную рэч, якая пападалася яму на вочы.

Ужо цэлых два гады, як Рыгор выбраўся з свайго мястэчка Сілцоў у далёкі гарад Рыгу на заработкі, і за гэты час крыху саскучыў па мястэчку. Ён з цікавасьцю чакаў, калі ўправа заводу дазволіць яму намечаны ім па яго просьбе водпуск. Кожны дзень, прыходзячы з работы на кватэру, ён распытваў гаспадыню кватэры, ці няма яму часам якіх-кольвек вестак з дому, і заўсёды, калі ад мацеры, ці ад Зосі (Зося за гэтыя два гады прыслала яму толькі пяць лістоў) атрымліваў лісты, напісаныя буйнымі, ламанымі літарамі, Рыгор запіраўся ў сваёй каморцы, чытаў ды перачытваў ліст датуль, пакуль кожнае слова не ўядалася ў яго памяць, а нарыс літараў не адбіваўся ў ваччу; а назаўтра ён браў гэты ліст з сабою ў завод, перачытваў яго яшчэ некалькі раз і хваліўся ім таварышам.

Дачакаўшы тэрміну, на які начальства заводу дазволіла яму выехаць у водпуск, Рыгор адтрымаў заробак і пасьведчаньне, купіў мацеры гасьцінец: хустку, кабат і мяккія туфлі і з ночным цягніком выехаў з Рыгі.

Ехаць яму прышлося чыгункаю да павятовага гораду Ліцку, дзе ён мусіў перасесьці на балагола.

Станпыя Ліцк — зусім малая і глухая; цягнік прыпыняецца толькі на пяць хвілін; людзей заўсёды прыяжджае нядужа, бо сам горад Ліцк — месца не фабрычнае і не тарговае. А за гэтым і сувязь гораду са станцыяй зусім не адмысловая, няўрадная: