Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/410

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

аднэй змагацца з гэткімі бацькамі, як Прыдатныя? І то яшчэ трэба падзівіцца, як яна перакорылася ім… Гэтага Рыгор не заўважае, нябось.

— Дзе яму заўважаць! У яго іншых думак поўна. Бадай што і цяпер вось, калі мы тутака палошчам яго костачкі, ён там дэмонструе з бастуючымі рабочымі.

— Так, многа іншых думак… — не згадзілася Волька.

— Вядома…

Пятрусь выказаў гэта тонам, пасьля якога нельга было далей спыняцца на суадносінах між Рыгорам і Зосяю.

— Якаво-б там сабе ні было… — перашоў ён да свайго пачуцьця: — а я, калі ўвайду ў думкі, разьбяруся з Рыгоравай чыннасьцю ў Рызе, дык ня ўрымшчуся тутака: цягне саматугам у горад. І думаю — сур’ёзна думаю… кінуць Сілцы.

— Куды — і табе… — умяшалася Гэля.

А Волька выкарыстала:

— Вось-вось, а Гэля?

— Баіцца Зосінай гісторыі? — падхапіў Сёмка: — Калі так, то мае поўную мажлівасьць ехаць разам з Пятрусём.

— Пэўна, няхай дакажа сваю вернасьць.

— А трэба будзе, дык і дакажу, чаму не.

— Мы можам даказаць; ці ёсьць толькі гэтая вернасьць у вас, хлопцаў, — не паддавалася Волька.

— Як у кога: у Васіля Берага напэўна больш, як у Рыгора, — пагіронізаваў Сёмка.

— Дзяўчаты прамаўчалі.

— Вось, мабыць, ужо ў суботу і вянок будзе? — запытаў Пятрусь.

— Так, у суботу.

— Бачыце: Рыгор там у катле змаганьня, а Зося тутака спраўляе вясельле…

— Няма чаго ўпікаць Зосю.

Вакол пісьма яшчэ доўга ў гэты вечар спрачаліся хлопцы і дзяўчаты, таварышы Рыгора; і, разыходзячыся да хаты, не маглі расстацца — гэтак яно іх узьюшыла.

У гэты-ж вечар, на разыходзе Сёмка пашоў праводзіць Вольку. Падышоўшы да яе хаты, яны прыселі на прызьбе, і Сёмка ізноў разьняў гутарку пра суадносіны Рыгора з Зосяю.