Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Васіль, быў багамольным хлопцам і ніводнага сьвята, ніводнае нядзелі не прапускаў, каб не наведаць у цэркаў. У цэркві-ж ён любіў стаяць ад пачатку да канца службы, і кожны чалавек, хто толькі, калі не зайходзіў у цэркву, заўсёды мог убачыць там Васіля Берага, які стаяў ля правага клірасу, прычэсаны, прылізаны, і шчыра жагнаўся на кожнае слова папа і дзякана, а затым голасна падводзіў дзяку. Увайшоўшы-ж у цэркаў і, становячыся на сваём мейсцы, ён масьціта і далікатна тры разы ківаў галавою на тры бакі, згінаючыся ажно да пояса, і аддаючы гэтым усім, хто-б ня быў у цэркві, свае прывітаньне.

Сілцоўскі поп, бацька Ігнат, чалавек скнарны, паборны і злы, ненавідзеўшы мястачковую моладзь за яе нявер’е і басяцтва, за нядбаньне да царквы, к Васілю меў асобную, нейкую цёплую і жывую прыхільнасьць і кожны раз, пасьля абедні, калі Васіль падыходзіў к яму цалаваць руку і крыж, пагладжваў яго па галаве і даваў проскварку, ужо зараняй прыпасеную для яго. Васіль ня толькі быў гэтаму рад, а нават гардаваў і хванабэрыўся «бацюшкавай» ласкаю. Васілёва маці вельмі ганарылася папоўскаю ўвагаю да сына. «Дык ведаеш, мая Парулька, дык ведаеш, мая Аўгенька» — пераймала яна суседак: «дык сёньня-ж, мае мілыя, «бацюшка» спыніў майго Васіля, ды кажа яму: «хай-бы ты жаніўся ўжо, Бераг; хаця-б пагуляў у цябе на вясельлі».

Але, калі Васіль быў у ласцы ўва ўсёй сілцоўскай «знаці», пачынаючы ад багатых гаспадароў і канчаючы папом і старшынёю, за тое-ж большая частка хлопцаў і дзяўчат з бяднейшых мяшчан ні званьня не паважала яго і нават ня лічылася з ім, як з таварышом, празываючы яго «шляхтуном», «хціўцам», «папоўскім падлізьнікам» і іншымі мянушкамі, якія ня выходзілі з губ як хлопцаў, так і дзяўчат; сьмяяліся і пацьвільваліся нават тады, калі Васіль прыходзіў на зборні і прабаваў там задзіраць нос. Вельмі яго сіберна абсьмейвалі на Лінявай зборні, што знаходзілася на Ляшкінскай вуліцы, у хаце мяшчаніна Панаса Ліня. На гэтай зборні — а яна лічылася самаю глаўнаю ва ўсім мястэчку, — зьбіраліся дзяўчаты з усіх канцоў мястэчка, з Логу і з Загібаў; сюды прыходзіла траха ня кожнае сьвята і Зося.

Бядняцкая моладзь, якое ў мястэчку было даволі многа, нідзе ня мела лепшага прыпынішча, апроч як у Ліня. Вось таму на гэтай зборні заўсёды панавалі самыя жывыя, самыя шырокія і шумлівыя гулёшчы. Калі траплялася так, што з прычыны