Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

йшоў залом і хутка апынуўся каля хаты Прыдатных. Прыпыніўся і паглядзеў: з хаты прабіваўся сумны, палахлівы прамень газоўкі.

Прастаяўшы хвілін пяць, Васіль азірнуўся па вуліцы і ўкрадкаю, на наскох, падыйшоў к акну, падняўся на прызьбу і кінуў узрокам у хату: кінуў і хутчэй-жа адхапіўся; потым ізноў паглядзеў, ужо сьмялей. Усе спалі: сам Мікола Прыдатны ляжаў на шырокім тапчане, прыстаўленым да вузенькага палку; на ложку спала яго жонка, Марта, з меншаю дачкою, Тэкляю. Зосі ня відаць было ні на другім ложку, які стаяў засланым посьцілкаю, як і днём, ні на палку, ля печы. «Яна, напэўна, сьпіць у сенцах», мігнула ў Васілёвай галаве дагадлівая думка, і, нібы, нейкі голас падшапнуў яму на вуха: «падыйдзі ціхутка к акенцу ў сеняшняй сьцяне, запалі сярнічку і палюбуйся Зосяю».

І Васіль вось-вось гатоў быў паддацца спакусе, як раптам апомніўся: «што я раблю!», ушчунуў ён сам сябе, і хутка адышоў ад хаты Прыдатных.

Якраз у гэты момант, у другім, супроцьлежным канцы вуліцы, ля царквы, куды Васіль намерыўся прайсьці, пачулася траскатня брашчоткі вартавога. Рэзкія, зычныя гукі, грамацелі па ўсіх Сілцох, уцякаючы ў поле і адзываючыся дзесьці ля лесу.

Васіль міжвольна спыніўся і пільна прыслухаўся да траскатні, мо’ з паўгадзіны стаючы на адным мейсцы, то ўзіраючыся ўсьцяж вуліцы, то аглядаючыся назад: «Не пайду далей», вырашыў ён, завярнуў назад, і дробнымі сьпешнымі крокамі, падганяны надышоўшым сумам, пайшоў да хаты.

Лёскат варты не перасьціхаў зрывацца з брашчоткі і рэзвым зыкам гнаўся за ім усьлед.

— Ажно апрацівела. Вось разьляпаўся, дурніла, — вылаяўся Васіль.

Скора, аднак, ён спусьціўся з горкі і апынуўся ля свае хаты; паціхеньку, з нейкаю асобнаю асьцярогаю адаткнуў запёртыя вешніцы, прачыніў іх, увайшоў у двор ды зноў іх акуратненька прыткнуў і схаваўся ў сенях.


IV

НАЗАЎТРА Васіль прачнуўся, а дзевятай гадзіне раніцы, яшчэ да прыгону кароў з поля. Ён хутка ўсхапіўся з ложка, памыўся, апрануўся і толькі распарадзіўся, каб маці аддала Ігнатаваму Юзіку каня, як вышаў з хаты.