Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/372

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ганна, проша.

Ганна нехаця зрабіла колькі крокаў, зачыніла за сабою дзьверы і стала сярод пакою.

— Ты крыўдзішся на мяне?.. Ты думаеш, што я… Ах, якія бо вы, дзяўчаты, фанабэрыстыя, што…

Ён хваляваўся і шкадаваў Ганну.

А яна ледзьве стрымоўвала сябе ад злоснае горнасьці. Раз-у-раз то паднімала, то апускала голаў, кідаючы асавелым узрокам у профіль Рыгоравага твару. Пераступала з месца на месца, садзілася, то ўставала, камячыла ў руках рэдыкюль; сьціскала зубамі. Пасьля адвярнулася ў акно і, стоячы бокам да Рыгора, усё парывалася нешта сказаць.

Рыгор ня стрымаўся: рашуча падышоў да яе, палажыў на плячы руку і сказаў:

— Злуешся? Кінь!

— Ты, ты, ты! Ты адзін…

Рэзкі, нястрыманы голас яе прарэзаў настарожаную цішу.

Рыгор схамянуўся — некі час ня ведаў, што сказаць.

Сустрыманы, нясьмелы стук у дзьверы прымусіў абоіх настаражыцца.

— Уваходзьце!

Адчыніліся дзьверы і ў пакой праглянула Наталя.

З няёмкасьці — ня ведала, што рабіць: ісьці ці не.

— Сьмялей, падыходзь сюды, — падбадзёрыў Рыгор.

Яна падышла, працягнула яму руку і павярнулася да Ганны.

— Мой таварыш — Наталя, таварыш Ганна.

Офіцыяльна, суха дзяўчаты паціснуліся за рукі.

Ганна моўчкі адвярнулася.

— Я ўжо была ў вас, — весела паведаміла Наталя, садзячыся на ложак: — а вы гуляеце недзе. Абманваеш мяне…

— Я? — проста бяда: Сцыля і Харыбда — Ганна тое самае думае. Паміж двух агнёў.

Ён хацеў выпрабаваць Ганну, ці не адпусьціў яе гнеў: тая маўчала, яшчэ больш нэрвуючыся. Гэта ўплыло і на Наталю.

— Вы пасварыліся? — запытала яна Рыгора гэтак, каб чула Ганна.

— Дзе там! Ганна проста злуецца…

— Ты, ты… прымушаеш на большае. Каб не шанавала сябе…