Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/371

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыгор раптам замоўк, як быццам чыясь рука неміласэрна парвала настроеную струну.

— Ты ведаеш? — праз колькі хвілін запытаў у Ганны.

— Бачыш.

— Ну, а калі поліцыя разагнала, дык думаеш — на гэтым скончыцца? Паглядзіш, што прынясуць наступныя дні. Жах абойме ўсю буржуазную Рыгу…

Падышлі да дзьвярэй. Пазванілі.

— Цяпер рабочыя пакажуць, як з імі трэба абыходзіцца. Годзе гнулі свае сьпіны. Неабмежнаму зьдзеку мусіць прыйсьці канец. Ты паглядзі — сьвет будуем, а нявольнікамі ходзім. Вось…

Рыгор паказаў на зашмальцаваную крысу жукеткі.

— Не адчыняюць, — нэрвавалася Ганна, чужая настрою Рыгора, захопленая сваімі, зусім іншымі, самотнымі думкамі.

— Твая гэтая латышка… я бы з-за аднае яе ня жыла тут…

Стук дзьвярэй перапыніў яе. Вільгэльміна адшчапіла ланцужок і адчыніла:

— Калі ласка, Нязвычны.

І тут-жа скрывіла міну, ўгледзеўшы Ганну.

З пераднамеранай думкай работніца праказала:

— А да вас прыходзіла Наталя!

— Наталя?!

Рыгор перш сумеўся, а пасьля ў момант хапіўся за думкі, як адказаць, і ўсё-ж, нявольны ад няёмкасьці, адказаў двухсэнсоўна:

— Хто яна такая?

— Прыдзе яшчэ, абяцала.

Ганна паперадзе прашла ў кватэру, але прыпынілася перад Рыгоравым пакоем і ўся — адно хваляваньне — пачула паведамленьні Вільгэльміны. Кожнае слова яе, знарок падкрэсьленае, адзывалася гостраю больлю ў Ганьніным нутры. Пачуцьцё назьбіранае крыўды, якую вось-вось яна мелася выліць перад Рыгорам, зараз утройчы пабольшылася, ахапіла яе ўсю, да кончыкаў, ногцяў, да кончыкаў кос. Рыгор мігам адляцеў далёка-далёка. Ужо не хацелася пераступаць парогу ў яго пакой, ужо не жадалася нічога казаць яму. Завярнуцца — і бегам дамоў. Толькі-б крануцца з месца…

Рыгор падышоў да яе і, ня даўшы адумацца, адчыніў дзьзеры ў свой пакой і папрасіў: