Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/368

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Асьцерагайцеся, вунь у кутку сядзіць шпег. Увесь час глядзіць на ваш стол. Пакідайце харчоўку заднім выйсьцем.

Яны ўсе ўчацьвярох няскрытна паглядзелі ў левы куток пакою: за маленькім, кругленькім столікам, над шклянкаю кавы сядзеў шляхэтна пададзеты з белым каўнерыкам, гладка прычэсаны, брыты чалавек. Роўна паставіўшы голаў, ён вадзіў узрокамі па ўсёй харчоўцы, як-бы шукаючы каго. У момант, калі на яго кінулі ўзрокі Рыгор з трыма суседзямі, чалавек ці незнарок, ці сумысьля, паглядзеў у супроцьлежны канец. Карыстаючыся гэтым, яны падняліся з-за стала і вышлі праз задняе выйсьце на двор, накіраваўшыся да заводу. Каля брамы, застаўшыся ззаду таварышаў, Рыгор азірнуўся і заўважыў, што той-жа тып праводзіць іх на адтоне ганоў з трое. Рыгор усьміхнуўся і схаваўся ў заводзкі двор.

Гэты інцыдэнт нічым не адбіўся на Рыгоравым настроі. Ужо пры першым зыку машын у заводзе Рыгор выпусьціў з думкі шпега і тую асьцярожнасьць, якую той сыгналізаваў сваёю сочкаю. Гутарка рабочых, іх пахвальба Рыгору, водгук іх на ўчарашнюю дэмонстрацыю — вось што займала яго ўвагу і пачуцьцё: знача, ён не ашукваецца, калі думае аб вялікай важнасьці праведзенага выступленьня.

Помеж з гэтым прыемным адчуваньнем, Рыгору захацелася ў наступных падзеях яшчэ раз выявіць сябе, тым болей, што, адчуваў Рыгор, у яго маюцца на гэта энэргія і здольнасьць. Пад сьвіст станка, роўны і цягучы, ён памкнуўся ў момант збудаваць новую прамову, куды мацнейшую па сіле і глыбейшую па сэнсе. «Я ім абвяшчу»… Праказаў ён сам сабе і адцягнуў увагу ад разца, які глыбока ўеўся ў сталь і пусьціў сьмярдзючы гарэлы дым. Рыгор пасьпешна супыніў станок і адняў разец. Вылаяўся рэзка і злосна. Сплюнуў і матнуў рукою.


IV

ПАДВЫШАНЫ НАСТРОЙ не пакідаў Рыгора і ў наступныя два дні: жыў ён выключна мінулай дэмонстрацыяй і надыходзячай забастоўкаю. Апошнюю чакаў з тым-жа нецярпецьнем, што і сваё выступленьне з прамоваю. І таму дні праходзілі ня ў прыкмет.

У суботу, кончыўшы працаваць на дзьве гадзіны раней, ён рашыў прайсьці па дарозе на кватэру Вэрманаўскім паркам.