Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/366

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўсё тое — бледны адбітак сёнешняга выступленьня. Адзін завод — дзьве тысячы з лішнім чалавек, а злучы дзесяць тысяч, некалькі заводаў, што тады можа стацца!..

Рыгор пераходзіў да наступнае забастоўкі. Пачаў гадаць і меркаваць, як яна разгорнецца, колькі захопіць людзей, як паверне здарэньні, чым адзавецца на становішчы… чым кончыцца… Не! Аб канчатку забастоўкі не хацелася Рыгору думаць. Яго цікавіў процэс яе быцьця, цікавіла яе цягучасьць. Забастоўка — змаганьне: рэволюцыйныя прамовы, дэманстрацыі, сутычкі з поліцыяй. Вакола паўстаньне, помеж з ім… Натужнасьць, зарад, трапятаньне…

Думкі прыдалі Рыгору павышаны настрой, захапленьне — і ён справодзіў іх рэзкімі махамі рукі, прытоптваньнем, пераказам учуткі… Ён быў падобны да электрычнага матору, які ўвесь жыве нясупынным рухам, у непаглядным вярценьні…

Незаўважна для яго горад заціх, павеяла вільгацьцю. На паземе адмеціўся надыход золку. Перашло за першую гадзіну. Перамагаючы сябе, Рыгор прылёг: заўтра трэба ісьці к заводу, трэба ўгледзець Міхася ці Артура і праведаць наконт забастоўкі, што адбылася на іншых заводах.

Іскралётныя думкі яшчэ з добрую гадзіну мігаліся ў яго галаве, адрываючыся, гаснучы і ўзгараючыся. Бліскучым шэранем, трапяткім галёнам імжэлі, заходзячы ў глыбі здрому: Рыгор заснуў чулым сном…

Але не супачыў за тыя пяць гадзін, што праспаў да першага гудка. І стомленым падняўся з пасьцелі, і пашоў у завод. На Ўзьбярэжнай хадзілі патрулі гарадавых. Рабочыя ішлі працаваць — гэта Рыгора засмуціла. Разам з другімі ён прашоў у завод і нехаця папрацаваў да абеду. Ідучы ў харчоўку, спаткаўся з Міхасём — пагутарылі аб дні абвяшчэньня забастоўкі, аб здарэньнях на іншых заводах, аб рэзультатах учарашняе сутычкі з поліцыяй. Гутарка некалькі ўроўнаважыла Рыгора: ён зашоў у харчоўку. Цёмная, забруджаная — яна была перапоўнена людзьмі. Падсеўшы да століка, за якім абедала ўжо трое рабочых, ён заказаў абед і пачаў прыслухоўвацца, пра вошта гавораць. Рабочыя, не заўважыўшы Рыгора, цягнулі раней пачатую спрэчку:

— Сволачы, якраз перапынілі; а то-б прарваліся ў горад да хаця напалохалі-б буржуазію, — казаў здаравенны рыжы хлопец.