Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нядзелю вечарам саступіў з іх парогу. Кожным днём ён прыдумваў новыя спосабы, будаваў іншыя пляны. К канцу тыдня Васіль меў у запасе гутаркі на цэлы дзень; гэтаму паспрыяла наступнае:

Адным днём, калі Васіль, вярнуўшыся з поля, увайшоў к сабе ў хату, ён застаў у ёй дзядзьку Хлёра з дзядзінай, якія сядзелі пры стале з яго мацераю і пільна вялі нейкую сур’ёзную гутарку. Ня ўсьпеў яшчэ Васіль прывітацца з дзядзькам, як Хлёр стрэў яго гэткімі словамі:

— Чуеш, Васілька, мы гэта сядзімо ды думаем-гадаем, як цябе засватаць ды ажаніць?

Сказаў гэта Хлёр і ўсьміхнуўся; Васіль таксама з ухмылкаю на твары адказаў:

— Вось калі! Чаму-ж не? Зьбірайцеся і пойдзем да Прыдатных у сваты.

— Ну, — зрабіўшы сур’ёзную міну, зацікавіўся Хлёр.

— Бяз «ну», — з гэткаю-ж сур’ёзнаю мінаю адказаў Васіль.

— Ой, ой, чаму-ж ня так!

І Хлёр з нечаканасьці ажно падняўся з мейсца, падыйшоў к Васілю і, выказваючы пахвалу, пашлёпаў яго рукою па плячу. Хлёрыха і Васілёва маці, бачучы гэта, весела зарагаталі.

— Чуеш, Тадося, дык нам-жа бясёда складаецца, — абярнуўся к братавай Хлёр: — Як ты, згодна жаніць сына? — дабавіў ён.

Тадося порска ўсхапілася з мейсца, абярнулася да Хлёра і, склаўшы рукі на грудзях, загутарыла:

— Гм, гм! Вот калі, вот калі, Хлёр. Яшчэ трэба пытаць. Ня толькі, Хлёрык мой, гатова, а хоць і заўтра, хоць і цяперачкі. Я ўжо даўно кажу свайму Васільку: жаніся, сынок мой, жаніся, даражэнькі; не патурай другім і не жалуй маладосьці. Ужо-ж пашоў табе дваццаць другі год, ды я, бачыш, старая, зьнямоглая зусім. Ці-ж гэта навуды? Людзі нават яшчэ ў маладзейшых гадох пажаніліся і жывуць, і добра. Самі маладыя, а дзеткі, каб хаця не ўрачы іх, ужо нялапыя. Ого, гэта толькі мы калісь з тваім бацькам былі дурнымі, што да трыццаці гадоў дацягнулі. Вось за гэту дурасьць і прыходзіцца расквітвацца: яшчэ не пасьпелі выгадаваць дзяцей, устанавіць іх на ногі, як ужо апынуліся каля магілы… Не, не. Цяпер людзі куды разумнейшыя за старасьвецкіх… сьвет таксама інакшы.