Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хацелася стрэцца з Зосяй, каб выказаць сваю крыўду і перамовіцца некалькімі словамі. Васіль кожны дзень, з самага ранку, сачыў за кожнаю праяжджаючаю між яго хаты фурманкаю, што хвілю пазіраў у акно, але, нібы якая прыхма мяшала таму: Зося не пападала на вочы. Нават і тады, калі ён цэлы крымінал разьвёў ля студні са Стэпаю, яму ня ўдалося прыкмеціць, мо’ хвілін з дзесяць стаяўшую ў людзкой грамадзе Зосю. Праўда, у той момант яму ня вельмі-б і ёмка была стрэча з ёю, і ён потым быў здаволены, што ня прыкмеціў яе, але тачыла крыўда на тое, чаму такі не ўдалося стрэцца?

Злы на ўсіх і на самога сябе за такі зварот справы, Васіль увесь тыдзень працягаўся, як саўлук, нудны і маркотны. Работа, каторая заўсёды гарэла ў яго руках, рабілася нядбайна і вяла. Усе тэрміновыя, неадкладныя думкі яго, пабіваліся аднэю, зацятаю і надаеднаю думкаю аб «упартай і няўледнай Зосі».

Па некалькі разоў у дзень Васіль перадумваў спосабы стрэчы, уражаньняў пра гульню да познае ночы, пра спацыр, гутаркі і пацалункі.

Нават кожны раз ён пераносіўся ў думках у той, чаканы для яго час, калі яна, Зося, стане яго жонкаю, будзе кахаць і шанаваць толькі яго аднаго і будзе ім абаім тады весела і шчасна.

Але гэтыя, выростаючыя перад ім уражаньні, засмучаліся нейкім густым, ліпкім туманом, калі раптоўна, суйздром, прылятаў няма ведама скуль вобраз яго ворага — Рыгора. Усьлед за гэтым успамінаўся вечар апошняй нядзелі, ліст да Зосі з гораду, няйначай, як ад таго самага Рыгора, і ў скутку гэтага — сумнае і млоснае адчуваньне. Адваротна рабілася на душы, толькі натугаю волі Васіль сіліўся згладзіць гэта; ён пераносіўся барджэй да Міколы і Марты і апіраўся на іх, як на каменную гору.

«Яе бацькі хванабэрыстыя і наравістыя. Яе бацькі ўсё пераробяць, а пастановяць на сваём, не дапусьцяць ні за што апаганіць свайго слаўнага і знатнага котлішча. Ого, яе бацькі золата, ня людзі!» мерна і цьвёрда выбівалі Васілёвы думкі гэтыя радасныя і сьцешныя словы і, быццам хтось мёдам змазваў яго нутро, яно сьвятлела і асьвяжалася: прад вачыма праясьняўся нудны хмарны небасхіл, забівала крыніцаю надзея і ён прагна чакаў выпадку, як веруючы збаўленьня.

Васілю нецярпелася, каб выбраць удзячны момант і зайсьці да Прыдатных. К гэтаму ён рыхтаваўся з тае хвіліны, калі ў