Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/339

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Казаў паўтары гадзіны без перапынку, складна, лёгічна, без перабояў. Закончыў з маленькім хрыпком, выгукнуўшы да сходкі:

— Ад вас залежыць вынесьці тое ці іншае рашэньне…

Ён абцёр лоб хустачкаю і адышоў на сваё месца.

Рыгор дзівіўся яго красамоўнасьці ды ўменьню падыйсьці да слухачоў; і карыў сам сябе, — чаму ён ня ў моцы гэта зрабіць. «А яшчэ мне хацелася стаць правадыром! Ці-ж я сумею?» сумняваўся ён. І карцела чымсь хутчэй узяць слова.

Але пакуль што пачаліся даклады дэлегатаў з заводу. Адзін, другі і цэлы рад прамоўцаў расказвалі аб настроі рабочых і выкладалі свае думкі наконт закранутага пытаньня. Апошнім казаў Міхась. Расьцяжным, спакойлівым тонам прызываў ён строга абгаварыць гэта пытаньне, улічыць усе дробязі яго і ня быць гарачымі ня ў меру, як то «адмячаецца сярод некаторых таварышоў».

Рыгор праслухаў даклады з тэй-жа ўвагай, як і прамову Якава; запамятаў характэрныя сказы і намёкі кожнага дакладчыка, але ня думаў, што Міхась возьме слова наперад за яго і сумеўся: «А можа, ня прыдзецца мае казаць?»

Аднак, у сваім слове, нечакана для ўсіх і для самога сябе ён знайшоў як і што падысці да справы, сказаўшы:

— Я чуў тут прамову таварыша Якава і чуў словы іншых таварышоў. Заключыў мой паважаны настаўнік — Міхась. Нельга сказаць, хаб пачалося дрэнна, але дрэнна скончылася: калі Якаў зваў да памяркоўнай рашучасьці, то таварыш Міхась і яе пераняў сваёю асьцярогаю. Да чаго яна вядзе, гэта асьцярога? Першы дакладчык ужо адмеціў, што абурэньне рыскіх рабочых выбіваецца на поверх, і падаў правіловую думку, што калі мы спозьнімся абвясьціць агульную забастоўку, то здарэньні абмінуць нас і разьвернуцца ў стыхійны ўздым. Знача, «трэба сьпяшыць узяць рух у свае рукі». Але ці гэта знача, што мы павінны адмежавацца невыразным прызывам да забастоўкі? Не. Мы павінны асадзіць яе ў рэволюцыйныя рамкі рашучага выступленьня. Рабочыя павінны ведаць, што яны не абараняюцца толькі, а ідуць у наступ… Раз кінулі пярчатку, трэба яе падняць…

Рыгор пачаў ціхім голасам і седзячы, пасьля падвысіў тон і прыўстаў; далей абярнуўся ў натхненага прамоўцу, гутарычы