Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/326

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

была ўсыпана чорнымі ды сінімі фігурамі людзей, якія джаралом цяклі ў адзін і ў другі бакі. У розных канцох гораду гудзелі сырэны трывожна-дысонансную мэлёдыю, як-бы выігрывалі зору, і на яе напевы зьбіралі рабочых — армію. У іх руху, ва ўвераных кроках, у спакойлівых выразах твараў адчувалася магутная вялікасьць творчай сілы. Кожны рабочы, шагаючы пліткамі тротуараў, нёс у сабе часьцінку гэтае сілы; без яе не даставала-б многага, а мажліва, і ўсяго таго, на чым вярцелася гарадзкое жыцьцё. Рыгор міжвольна адчуваў гэта, — можа таму, што сам быў рабочым, што ў глыбі душы захаваў гардлівасьць гэтым званьнем, што сам складаў часьцінку агромнае арміі. Гардзіўся самім, а праз сябе і цэлаю грамадаю.

Тут-жа ён параўняў адно з другім абачны рух і падзеі забастоўкі-дэмонстрацыі. На моманце протэсту злучацца ўсе гэтыя ядынкі-рабочыя, запаляцца агнём рашучасьці і пададуць свой голас. Якава будзе яго сіла? Хто не здрыганецца ад яе? З гэтымі думкамі Рыгор вышаў на ўзьбярэжную Дзьзіны.

Дзе мясьціўся плывучы таржок — кіпела жыцьцё: гандляры і гандляркі, крыклівыя, ачамерныя, рухавыя, маталі рукамі, крычалі, лаяліся з пакупнікамі. Таржок гудзеў, як парушаны вулей. Шнурком сьпяшылі на таржок работніцы, нянькі, боны: з кошыкамі, з пляцёнкамі, з гнутымі каробачкамі. Цэлы шнур ламавых падвозіў з таржку прыпасы: бульбу, цяпліковую гародніну, крупу, муку. Мурзатыя, запэцканыя з ног да галавы, шырокаплечыя, каржастыя ламавікі папарадку разгружалі кампаніяй пярэднія падводы, тут-жа замяшчаючы іх чарговымі. У іх рабоце была асабістая наладжанасьць, выпрацаваная доўгім часам. Цяжкія мяшкі падхапляліся крукамі і з надворнай лёгкасьцю перакідаліся на плавучку.

Па Дзьвіне шнурвала некалькі кацераў з людзьмі і з дзесятак парусьнікаў. З левага боку плытнікі заварочвалі к берагу даўжэразны плыт. Яны голасна крычалі адзін другому, бегаючы ўзад ды ўперад па сьлізкіх бярвеньнях плыту. Рыгор на ўсё зварочваў увагу, усё яго цікавіла, што мела рух, што вязалася з працоўнай чыннасьцю, што складала каляско агромнай машыны гораду. Працоўная часьць гэтай машыны вярцелася ў віры творчасьці, у натужным змаганьні за кусок хлеба. А там, у цэнтры, у багатых кварталах, людзі яшчэ спачывалі пры адчыненых вокнах, у мяккіх пасьцелях, абароненыя другімі ад назойлівых кла-