Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/323

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

большаю злосьцю кідаліся на грамаду, расьсякалі яе сьцяну і ўразаліся ў сярэдзіну… Раптам з правага боку ад Сёмкі пачуўся балючы крык і ўзьнялася суматоха — то стражнік хвасянуў бізуном кабету. Гэта вестка электрыкаю прабегла па гушчы сілцоўцаў, скаланула кожным, як вецер дзеравам. Адзін квадранец — і сілцоўцы маглі-б перайсьці ў рашучы наступ на поліцыю, але нешта супыніла іх. Абмежавалася грозным гулкім гоманам, які з пяць хвілін катаўся алавяным шротам па разлаванай грамадзе… У яго раскатах выразна чулася гострая небясьпека, і стражнікі, яе заўважыўшы, ад’ехалі к прыстаўскай браме. Калі грамада заціхла, Сёмка кінуўся шукаць таварышаў: прабег управа, вярнуўся назад, пралез уперад, пытаўся сяго-таго. Нарэшце ўгледзеў Пятруся са Сролем, але бяз Волькі, наўскасяк ад сябе, ззаду, і падышоў да іх:

— Ну, як падабаецца настрой сілцоўцаў?

— Цікава!

— Адна хвіліна — і магло-б выліцца ў пабоішча.

— Чакаў я гэтага, так і рупіла кінуць каменем у паганую хару…

— Добра, што так абышлося, а ня то-б… крыві ня мінуць…

Падышлі Волька з Гэляю.

— Што вы робіце, хлопцы, — з некім жахам папракнула Гэля. — Ці ня ты гэта крычаў «Далоў самадзяржаўе!»

— Перапужалася?

— Гэта-ж маглі-б перастраляць людзей.

— А, нябось, напужаліся самі… І, чаго добрага, маглі-б на капусту скрышыць…

— Малыя выпадкі, а да чаго могуць давесьці.

— Добрая агітацыя.

— Глядзеце толькі, каб вы з ёю не пашлі даганяць Віктара з таварышамі. Паагітуеце тады…

— Вас не пакінем…

Волька намерылася прыкрыць рукою Сёмкаў рот і ўжо замахнулася на гэта.

Але ўперадзе натоўпу, якраз прыцішанага, пачуўся плач і зацяжныя прычыты. Хлопцы падаліся галовамі ўперад — апынуліся вачыма на двары стану.

З халоднае, невялічкага старога будынку, ні то хаты, ні то сьвіронку, стражнікі вывелі арыштаваных і пад канвоем павялі