Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/319

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вах трымаюць вялікіх праступнікаў! Што-ж зрабілі хлопцы? Таксама цікавіла насельнасьць мястэчка. Цікавіла ды давала мажлівасьць вынаходзіць розныя нябывалыя праступкі. Адны складалі чуткі, нібы Віктар хадзіў за Сілцы рабіць падкоп на дарозе, кудэю павінен праяжджаць спраўнік, другія перакорылі гэтым весткам, перадаючы свае, якія казалі аб намерах дэмократаў напасьці на казарму стражнікаў і перастраляць іх; ніхто не хацеў верыць, хоць і ведалі ўсе, што ўся справа ў проклямацыях. Кулакі-мяшчане карысталіся выпадкам і перадавалі сваю радасьць у тым, што «не даждацца басяком падпальваць іх гумны». Многія, каму ішло гэта на карысьць, не забывалі Рыгора, хвалячыся, нібы і ён будзе арыштованы, бо ўжо «станавы адбіў тэлеграму ў Рыгу». У паветры пахла напружанасьцю.

Дапускалі, што арыштаваныя пападуць на высылку. Некаторыя лічылі абавязкам папярэдзіць знаёмага хлопца, а больш таго, якога бачылі хоць калі разам з Віктарам ці Хаімам, каб ён быў асьцярожан, каб прыціх на гэты час, каб кінуў дэмокрацтва. Уставалі ў памяці енкі і плач мацярок і бацькоў, іх пакута па дзецях, цяжкасьць разлукі — так было ў 1906 годзе, калі адпраўлялі ў Сібір Сьмуцькавага Алёшу, Хрэнавага Фомку і Стасюка Язэпа. Іх вязьлі стражнікі з аголенымі палашамі, і многія казалі, што хлопцам ня мінуць плахі. Што тады вычваралі іх бацькі! Пэўна, ня іначай будзе і цяпер. Арыштанты — гэта ахвяры поліцыі! Цяпер яе воля зрабіць, што хоць.

Судзілі, хоць ня ўсе, а многія, што хлопцы паплацяцца здорава. І таму, што адплата дасца ім начальствам за справядлівыя дамаганьні дэмократаў, за тое, што яны шукаюць праўды — каму тое не вядома! — то нельга сказаць, каб большасьць сілцоўцаў справу арышту хвалілі. Не, нават многія-многія, зусім, здавалася, ціхія і няўдзельныя ў грамадзкім жыцьці, зусім адсталыя, а падавалі ў голасе варожыя поліцыі тоны. Мацюкаліся на поліцыю, пракліналі, пагражалі, абяцалі скорую кару.

Ішло так здаўна — глыбокая канава падзяляла прыстаўскі стан ад усяго мястэчка, за малым выключэньнем. Колькі разоў станавы з ураднікам ды стражнікамі выцягалі кароў за падаткі! Колькі разоў выкідаліся падушкі праз вокны за пену, за нядоімку! Колькі разоў накладаліся штрафы за навабранцаў! А выган на панскія грэблі, а ўсім памятная бойка ўсяго мястэчка за сэрвітуты! Блішчастыя гузікі і цэшкі адбівалі сабою тыя