Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/317

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Васіль падняўся і вышаў на хату.

— Аж прыкра ўжо стала, — уваходзіў ён у злосьць: — і ня ведаю, што яна сабе думае да гэтага часу! Няўжо яшчэ бацькі не пасьпелі выбіць з галавы думкі аб тым валацузе? Напрыкрыла, проста! Усё, здаецца, ішло добра, а тут, як стромка ў здаровым целе… Вось гэта мяне злуе…

— Яна-ж мо’ праводзіла цябе? — запытала цётка, Хлёрава жонка.

— Вялела маці, дык і правяла, а сказаць — ні слова.

Хлёр ужо, ацьверазіўшыся, прыўстаў з месца і нядбайна матнуў рукою:

— Блаж, нябожа… Усё блаж… Да вясельля — усё выдзе з галавы — будзь спакойліў. Няма чаго сумаваць: жэніцеся і пакахаеце адно другога. Хай сабе пакапырсьціцца крыху, чаму ёй не дазволіць гэтага? Ну, а што датыча Нязвычнага — то шманкі: хай выкіне дурасьць з галавы. Гэтаму разбойніку ўжо больш ня бачыць Сілцоў.

Да слоў Хлёра дадала Тадося ад сябе:

— Ды вядома, сынку, калі толькі гэта цябе трывожыць, дык толькі бяды. Маладая дзяўчына — блажы многа ў галаве. Ці-ж варта гэта браць усур’ёз?

Яна адышлася ў мыцельнік, пакруцілася крыху і запрапанавала:

— Вось мо’ сьнеданьне згатовіць? Хлёр таксама астанецца…

— Не, не, не… Ня турбуйся, Тадоська, — пераняла Хлёрава жонка: — дзе-ж ты бачыла, — нам трэба ісьці дадому ды таксама прымацца за работу. Гэткі дзень мае быць аж люба, — зазірнула ў акно: — Ідзем, Хлёрык, ідзем.

Тадося не хацела далей упрошваць. І калі тыя намерыліся ісьці, яна прачыніла ім дзьверы ды першая вышла ў сені.

Хлёр разьвітаўся з Тадосінымі сваякамі і яшчэ раз суцешыў Васіля:

— Ты-ж забудзь аб гэтым. Пакінь! Мала што!

— Ды я мала буду дбаць.

— Тота-ж.

Тадося з Васілём правялі Хлёравых да кладкі праз рэчку і вярнуліся дахаты.