Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І дзесьці глыбока, у яе нутру пачала варушыцца сумная думка, ад якое ёй рабілася млосна і адваротна. З вострай прагай чаканы чэрвень паказаўся ёй зусім нецікавым, зусім не завабным.

Вясёласьць і жывасьць, з якімі Зося выяжджала зранку ў поле, зьмяніліся шэрымі, заўсёднымі вобразамі, — аднастайнасьці, надаедлай будзённасьцю.

Па дарозе дамоў, Зося прыпомніла бацькава вяленьне заехаць на пасеку па чатыры бярвенцы. Яны акуратна ляжалі ў кусьціках, прыкрытыя гальлём і ламаччам, каб ніхто не пасьпеў захваціць раней за яе.

Бацькі ўжо на пасецы ня было: ён з гадзіну ўперад пашоў да хаты.

Ускінуўшы на драбіны бярвенцы, Зося павярнула на прадольную сьцежку, выехала на гасьцінец і пагнала каня.

З усіх бакоў, куды яна ні глядзела, па кожнай сьценцы, чуць не па кожнай мяжыне, то ішлі з сякерамі ды граблямі, то ехалі з баронамі, карчамі і плугамі селяне. Стаяў грукат і стук, узды- маўся пыл. Кончыўся працоўны дзень, людзі са спакойным сэрцам ехалі да дому.


II

НАЗАЎТРА, нядзеляю, Зося прачнулася куды пазьней, чымсь прачыналася буднімі днямі. Каня яшчэ з досьвітку павёў пасьвіць знарок наняты хлапец. Бацька-ж адправіўся агледзіць жытні палетак; а маці, таксама, пашкадавала разбудзіць Зосю, дазволіўшы паспаць ёй датуль, пакуль яна не здаволіцца. «Хай сабе ўдостань пасьпіць» — разважала сама сабе Марта.

Але Марце будзіць дачкі ня прышлося. Зосю абудзіў рык прыгнаных на ранкі кароў і прарэзьлівыя гукі пастуховай трубы.

У сенцах было цёмна і прахладна. Праз маленькае, як валова вока, акенца ўліваўся з надворку пучок сонечных праменьняў і залатою пухкаю стужкаю разгортваўся па зялёным пахучым плюшніку, які адбіваў сваім глянцам рэзвых зайчыкаў на сьцяне.

Зося працерла рукою вочы, адгарнула назад і завязала косы, ды саскочыла з ложка.

— Зося, Зоська! — пачула яна окліч мацеры, даносіўшыся з хаты, — уставай, галубка, дзесятая гадзіна. Каровы прыгналі на ранкі.

— Да я ўжо ўстала, я чую! — адгукнулася Зося і адчыніла сеняшнія дзьверы.