Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ДРУГАЯ



I

ТЫДЗЕНЬ МІНУЎ так хутка, так няпрыкметна, што Зося ня ўсьпела і агледзіцца, як чэрвень апынуўся перад парогам. У суботу, зранку выехала яна з бацькам пасеяць грэчку.

Дзень выдаўся цёплы, ціхі і ясны, і сяўбу ім удалося скончыць да абеду.

Адсеяўшы грэчку, Мікола з дачкою паехалі да хаты, каб разам, усёю сям’ёю, паабедаць.

Паабедаўшы, доўга не загібаючы, ён адправіўся на пасеку, а Зося паехала скародзіць.

Паводзячы каня і сочучы за бараною, каб яна не скакала, а ішла роўна і добра, дробна разьбівала груды, — Зося бесьперестаньня кідала ўзрокамі, туды, у левы бок яравых палеткаў, пад Змыгінскі лес, між якога ішоў Ліцкі гасьцінец, убягаючы ў Сілцы з паўночнага боку.

Як і заўсёды, і ў гэту суботу на гасьцінцы была звычайная суматоха, ажыўленьне: то ў Сілцы, то з Сілцаў цягнуліся цугам дзесяткі фурманак з таварамі і парожныя, тарахцелі лёгкія каламашкі хвальбаркоўцаў, што ехалі ў мястэчка па справах, зрэдку праносіліся памешчыцкія карэты, запрэжаныя ў тройкі або чацьвёркі стаенных коняў. Па дарозе курыліся слупы пылу.

Глядзячы на дарогу, Зося старалася ўгледзіць-прыкмеціць белую буду балагола. Яна зусім забыла, ці мо’ знарок не хацела верыць, што сёньня-ж субота і яўрэі сьвяткуюць, а знача і балагол напэўна ня езьдзіць. Але ёй хацелася думаць, што гэта не павінна служыць перашкодаю таму, каб хоць раз у год балагол праехаў і ў суботу. Яна не пакідала сачыць.

Прайшоўшы апошні раз бараною паўзьмежжа, Зося не заўважыла, як скончыла скароджаньне, яна спынілася і праказала:

— А то ён і ня прыедзе! Тады няўжо ды ён хлусіў?