Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/282

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сёмка: — куды-ж мне аднаму ў Сілцох заставацца. Хай яна залядзеецца, гэта зямля.

— А чаму-ж не? — ухапіўся Віктар: — сапраўды, давай разам. Зьбяры з поля і паедзем.

Сёмкавы бацькі нашарохаліся: Рыгор быў яскравым прыкладам. Чаго добрага возьме і паедзе і Сёмка. Хведар заварушыўся на лаўцы і многазначна кашлянуў. Настаражылася ў мыцельніку маці; яна кінула важданіну з пасудаю і адвярнулася да хлопцаў, паглядзеўшы на іх сур’ёзным узрокам.

— Бацькі-ж мо’ ня будуць пярэчыць? — дапэўніўся Віктар і паглядзеў на мацеру.

Тая зрабіла крок уперад і замахала падкасанаю рукою.

— Вось ты толькі не пад’южвай Сёмкі, — з налётам злосьці ў голасе праказала яна. — Зьбіраешся ехаць — то едзь сабе здароў… Добра табе, калі яшчэ твае бацькі маладыя ды здаровыя… А Сёмка навошта нас пакіне? Жабраваць? Вунь глядзі, як Стэпе соладка бяз Рыгора… Едзем!.. — Едзь…

— Чакай, чакай, Саламея, — перасьцярог жонку Хведар, падняўшыся з лаўкі і вышаўцы на хату: — ты ня крычы гэтак, можна і ціха пагаварыць…

Ён пагладзіў бараду і адкашляўся.

— Баба — па-бабскаму… Давайце цішэй пагутарым… Вось хоць-бы ты, Віктар: кажаш — разам з Сёмкам ехаць у горад. Пачакай-жа, ну, а ты ведаеш, што гэта цягне за сабою? Пэўна і ня думаеш аб гэтым: сказаў — і ўсё. Ты-ж рамясьнік, а Сёмка? — хлебароб. Ты ў кожным месьце можаш дастаць работы — а Сёмка? За дворніка якога ці за вартаўніка ісьці? Чым ён выграе на гэтым? Абы ў горадзе быць… Браток, перад тым, як зрабіць, — трэба перш добра падумаць ды рашчытаць: а што ў скутку атрымаецца?

Хведар падступіўся яшчэ бліжэй.

— Вось у нас маецца мізэрнае гаспадарства — ведаеш сам: крыху тае зямлі, пара кароў, сьвінчо, каняка; мы паціху варушымся каля яго, уходжваемся і сяк-так назьбіраем на год хлеба; а то прызаробім часамі — так і жывецца. Ня важна, бедна, затое незалежна; як і што захацеў — тое зрабіў. Ня так — сваё дзела, асабістае. А ў горадзе? — папіхачом быць. Вось што важна, браце.

— То-та-ж і ёсьць, — дадала маці.