Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/276

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Старшыня задаволена ўхмыльнуўся. Пасьля пагладзіў разьвесістую бараду і патрос паважна галавою.

— Вылавім! А вы думаеце, мы дрэмлем? Я ручаю сваёю галавою, што вылавім…

— Закусвайце, дзядзькі, — перабіваў Васіль, захопліваючыся гутаркаю мужчын.

А старшыня завяраў, рухаючы тулавам, рукамі, нагамі, мэрам-бы дзеля таго, каб прыдаць сваім словам непарушную аўторытэтнасьць:

— Як венікам, вымецем усю гэту нечысьць. Ведаеце, усё неяк ня хочацца займацца; думаеш — а будуць крыўдаваць, а пачнуць наракаць… А зараз я бачу, што ўсе на маім баку. Грамада са мною. Чаго-ж больш трэба! Вось я і прылажу пячатку…

Старшыня стукнуў кулаком па стале, ажно пасуда забранчала.

Васіль зарагатаў ва ўсё горла і адышоў ад стала. Але тут-жа скочыў на ранейшае месца і, скардзячыся, загаварыў:

— Дык ведаеце, дзядзечкі, на мяне і на Янку Грыба ўвесь час грозяцца. Нават па вуліцы прайсьці боязна. Прыехаў, згуртаваў хэўру і пад’южвае…

Ад надышоўшай злосьці Васіль ня мог ўсяго выказаць і, замест слоў, некалькі хвілін адчаяна памахаў рукою.

— Думаеш, ніхто ня ведае? — уставіла Тадося: — а з Прыдатчанкаю праз каго ўсё вышла? Праз гэтага самага абармота. Падгаварыў-падгаварыў дзяўчыну, наплёў усяго на нашу сям’ю і зьбіў з панталыку… То была добраю, рахманаю дзяўчынаю, а гэта гаварыцца не дае аб Васілі…

Тадося паглядзела на сына.

— Праўда?

Васіль кіўнуў галавою.

— Вось бачыце… — Ну, яшчэ закусеце… — Каб не бацькі — зусім зьвіхтавалася-б дзяўчына. Але добра, што Мікола ды Марта моцныя людзі — узялі дачку ў рукі… Ого, што і казаць! Гэта згубцы нейкія… Тут толькі ад Андрэя залежыць…

Старшыня-ж з усіх гэтых гутарак выводзіў адно: на яго сілу і начальніцкую моц «пакладаюць надзею многія паважаныя сілоўцы». Значыць, яму суджана зрабіць вялікую справу «ўміратварэньня» воласьці. Няхай ён падчыняецца земскаму ці