Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/275

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

процьма; па ўсім краі, ва ўсім сьвеце. Пішуць-жа газэты аб гэтым. Ды навошта далёка шукаць — калі вось, пад бокам колькі хоць такіх: Сёмка Хведараў, Янка Зьмітраў, Пятрусь Прахораў, процьма… Як паветра якое — гэта дэмокрацтва; па ўсіх куткох і шчылінках разыходзіцца. Вунь і ўчора, расказвалі, дык чалавек пяць стражнікі прывялі з вёскі Катлоў. І, думаеце, што яны чаўплі? Сабралі нядзеляю сход мужыкоў і давай пад’южваць: «Глядзеце, зямлі ў вас — курыцы ступіць, а пад бокам тысячы дзесяцін у паноў Камянецкіх. Адкуль яны набралі, як не паадбіралі ад вашых дзядоў, ад працоўнага народу. А яны забралі — дык і ў іх трэба забраць… Таксама і з лесам; у вас хаты рушацца, а ў паноў Камянецкіх — сотні дзесяцін страявога лесу. Яны сякуць яго, прадаюць і складаюць грошы ў банках, а на вас вада цячэ. Ці-ж так справядліва? Ці-ж мы павінны моўчкі глядзець на гэта?» І іншага ўсяго набаялі мужыком, а тыя вазьмі і паслухай. Назаўтрае ранюсенька сабраліся грамадою і гайда ў панскі лес. Пашла павальная рубка. Іх прасіць, перасьцерагаць — дзе там! Пакуль не вытрабавалі стражнікаў… Вось як… ці праўда, ці не? Андрэй ведае… А раней гэтага эконома зьбілі за пашу…

— Вядома, ня хлусьба, — падмацаваў старшыня.

— А-яй-яй! Як распусьціліся людзі! — падзівіўся Дзям’ян.

Пахаяў «бунтаўшчыкоў» і Хлёр.

— Вось і бачыце! — заматала галавою Тадося: — і то, бадай, работа сілцоўскіх соцыялістаў? Пэўна так! З чаго-ж яны жывуць? Хоць-бы гэты Стэпінчык — езьдзіць па сьвеце, як валацуга; мала чаго ён навучыцца! А прыедзе сюды — і давай пераймаць другіх.

Некалькі хвілін яна памаўчала, мэрам дапамінаючы аб нечым.

— А Сахрона Быка, думаеце, хто спаліў як ня Стэпінчык? — дадала яна.

— Можа стацца, вельмі проста! — падмацавалі ў адно слова Хлёр з Апанасам.

— Тут, на добры лад, мусіць Андрэй сказаць сваё важкае слова! — вывеў Дзям’ян.

— У чым? — не зразумеў Хлёр.

— А ў тым, каб троха павылавіць гэтае рыбкі з сілцоўскага возера.