Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/268

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што сёньня вярнуўся, што, адвозячы, пэўна, многа аба ўсім гутарыў з ім і… кратаў яе, Зосі. А гэта — на табе — нечакана!

— Што-ж ты маўчыш? — паглядзеў ёй у вочы Сёмка.

А Зося ўжо цалком была захоплена нахлынуўшымі на яе ўспамінамі аб нядаўніх днёх, аб гульні з Рыгорам, аб выніках каханьня і аб яго скутках. Жывасілам тягнула глядзець на дарогу ў бок Лужкоў, высочваць тую сьценку, дзе яны разьвітваліся. Выпукла, як яблыка, паўстаў перад яе вачыма вобраз Рыгора ў хвілі разьвітаньня: вось ён стаіць, спагадліва прынагнуўшы голаў і ўстраміўшы ў яе твар пытальны ўзрок. Стаіць, а далей схінаецца да пацалунку: пара рук, важкіх, здаровых, выгінаецца ў дугу, адна настрэч другой, і зьмяёю агібаюць яе стан. Хвіліна, міг — і цёплыя губы кладуцца мяккім-сочным абрыкосам на яе прагныя вусны.

Зося парухала губамі, прыкусіла іх, мэрам-бы хочучы праверыць, ці не пакінуў на іх Рыгор чаго-кольвечы. Тут-жа захацелася ёй таксама, хоць-бы ў сотай долі, адчуць тое самапачуцьцё, той настрой, тыя перажываньні-заміраньні, якія прамігнулі пры тым пацалунку… Што-б яна дала за гэта! Настойна выплывала з далёкіх глухіх куткоў яе нутра гаручая крыўда — Зося ня ведала, на каго гэту крыўду кіраваць, — чаму тады ў хвойніку ўсё так ціха, пуста абышлося? «То Рыгор вінават», мігнула думка, як іскра з крэсіва, але Зося не пагналася за ёю, а барджэй дастала апраўданьні Рыгору: «А чаму-ж Рыгор ажно на Лужкі прышоў да мяне? А чаму яго вочы туманіліся сьлязьмі, калі ён глядзеў на мяне пры разьвітаньні? А чаму ён мяне прытрымоўваў за руку, калі я намервалася ехаць? А праз вошта ён у горнасьці вымаўляў словы? А чаму, калі разышліся, дык пакуль можна было бачыць, раз-по-разу спыняўся на мяжы, напружваў узрок праз шэрасьць адвячорку і сачыў за мною? Напэўна, ён тады верыў моцна, што я ня згублена для яго, што мы не разлучаліся ў той момант. Напэўна!»

Зосі здавалася, што так, — яна з кожным часам усё больш пераконваецца ў гэтым. А каб-жа хто падмацаваў гэтыя яе дагадкі! Го, як-бы яна была шчасьліва! На што-б яна тады рашылася! Якім-бы моцным штырхачом было-б гэта ёй адважыцца да рашучых, непаваротных крокаў. Акрыліла-б яе, паставіла-б на цьвёрды грунт.