Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/252

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шчасьлівае жыцьцё працоўнага люду… Я не магу сыходзіць убок, калі на мяне напіраюць… Разумееш, Ганна? Трэба абараняцца… Трэба на гвалт адказаць гвалтам…

— Усё-ж, прашу цябе, — беражыся… Дзеля мяне, дзеля мае просьбы, шчырае, сястрынае просьбы.

Рыгору шкада стала Ганны, якой былі мэрам-бы незразумелы яго словы, яго воклічы. Ён задумаўся.

— Не пайду, пакуль не дастану згоды.

У адказ Ганна атрымала пацалунак і ўверана рушыла з каморкі.

Вільгельміна праглянула з кухні і ціхім голасам папярэдзіла Рыгора:

— Я на ланцужок не вазьму — захапеце ключ.

Рыгор правёў Ганну да самага дому; вярнуўся гадзіны праз дзьве. Каля дзьвярэй успомніў, што ключа не захапіў: здаецца, браў, а памацаў у кішэнях — няма. Прышлося званіць. Вылаяўся на сябе за сваю забыўчывасьць, але тут-жа ўважыў — нязвычайныя абставіны. Хапіўся за званок і пацягнуў засаб два разы — зазваніла, як над вухам, ажно праняло ўсяго. Занадта. Прыкусіў язык.

Сонная, разьюшаная зараз-жа каля дзьвярэй апынулася Вільгельміна.

— Хто там? — пачуўся моцны шэпт.

— Я, Рыгор, адчынеце.

Адчыніліся дзьверы. Вільгельміна ў сподняй спадніцы, у гарсаванай кашулі, сарамліва падалася ўбок.

— Не глядзеце, Рыгор.

— Выбачайце.

Рыгор прашоў к сабе. У каморцы было сьветла: нятрэба было агню. Рыгор разьдзеўся і падышоў да ложка; абапёрся на яго сьпінку. І, як заўсёды, перакінуўся думкамі ў Сілцы — яны чапляліся за Рыгора! «Ці можа сабе дапусьціць Сёмка ўсё тое, што прывёў яго неасьцярожны паказ пальцам у Ліцку на станцыі? Ці паверыць ён, што я так хутка сумеў блізка сыйсьціся з гэтай дзяўчынаю, падобнаю да Зосі? Напэўна, ён зусім ужо выпусьціў Ганну з памяці, як большасьць пасажыраў. Мужчына з дзіцём на руках і побач яго маладзіца з другім, што ехалі на новае месца, мо’ знанае, знойдзенае, а мо’ яшчэ невядомае зусім — гэта сям’я, пэўна, выразьней усяго адаб’ецца ў яго