Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/229

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рад ад’ездам, спатканьне пры сьценцы, за ворывам, дзе ён пачуў ад Зосі пякучыя словы: «Бяры ад мяне — што ты хочаш»… На гэтым моманце Рыгор панатужыўся перапыніць успамінкі. Яму пасобіла работніца гаспадыні кватэры, Вільгэльміна, якая раптам прачыніла да яго дзьверы і запытала:

— Можа вам гарбаты падагрэць, Рыгор?

— Калі вам ня трудна, — згадзіўся ён.

Вільгэльміна дабрадушна ўсьміхнулася ў вышла з пакою. Рыгор падышоў к акну і паглядзеў на двор. І нібы знарок хтось накіраваў яго думкі да Ганны. «Што яна робіць цяпер? Цікавая, аднак, дзяўчына! І трэба-ж было мне з ёю спаткацца».

Зося, нядаўна паўстаўшы ў яго выабражэньні, раптам сышла з памяці, затуліўшыся вобразам Ганны. Рыгор пачаў перабіраць усе падрабязгі стрэчы і знаёмства з ёю, а далей перайшоў да абдумоўваньня наступнага спатканьня. Але якім чынам? Рыгор тут-жа памкнуўся ўспомніць перш вуліцу, на якой Ганна жыве, а пасьля дом; паглядзеў на гадзіньнік, раздумаў і, нарэшце, астаўся пры рашэньні пачакаць да заўтрага, не пакідаючы хацець ды спадзявацца, а мо’ надасьць ёй прыйсьці яшчэ і сягоньня.

Раздумоўваючы, Рыгор стаяў непарушна і сачыў у адно месца, як заварожаны. Яго крануў рэзкі выгук песьні і адначасна музыкі на фортэп’яне, раптоўна выляцеўшы з прачыненага акна суседняе кватэры. Малады зычны альт выводзіў пявучыя мэлёдыі арыі Антэка з опэры «Галька». Рыгору стала прыемна слухаць мілагучныя ноты ў голасе маладое жанчыны; яны праходзілі ў яго нутро, хапалі за самыя каразьлівыя мясьціны і настройвалі на рэзвыя вясёлыя перажываньні, на новыя ўспаміны. Незьясьнёная сіла, заложаная ў зыках музыкі Манюшкі, да таго была прыемнай для яго, да таго завабнай, што ён літаральна ўбіраў у сябе кожны яе перабой, кожны адценак яе вібрацый. Яму хацелася-б слухаць і слухаць бясконца і так-жа бясконца хвалявацца, дрыжаць, калаціцца на хвалях салодкіх перажываньняў.

Аддаўшыся гукам музыкі, Рыгор як быццам-бы патануў у іх. Для яго было зусім неспадзяваным асьцярожнае ўвойсьце ў каморку Вільгэльміны з прыгатаванаю гарбатаю.

— Дазвольце? — запытала яна, падыходзячы к сталу.