Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/227

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ганна падалася наперад. Грамада людзей, што чакала трамваю, зарухала, замітусілася і напёрла к рэйкам; Рыгор трымаўся Ганны, супыняючы натоўп.

— Дык заўтра вечарам?

— Няпрыменна! — кінула Ганна.

— Я цябе чакаю.

— Толькі ня схлусі, а то…

— Ну, што ты, сапраўды, сумняваешся… Ці мо’ на-знарок?

Ганна не пасьпела адказаць: падасьпеўшы трамвай перабіў яе намер. Замітусіўшыся, яна, як стаяла ўперадзе, так разам кінулася на заднюю падножку пярэдняга вагону; Рыгор пасобіў ёй падняцца і хутка быў адціснуты натоўпам назад. Тады ён падышоў убок і паглядзеў у вакно, але Ганна яго ня прыкмеціла. Перад ім замігалі аўтомобілі, несканчоным шэрагам зашнуравалі пешаходы, загрукаталі цяжкія вазы рамізьнікаў; зараз прашло некалькі вагонаў трамваю пятага і шостага нумароў; вакола бегалі газэтчыкі і выкрыквалі назвы газэт, таўхаліся хлапчукі з папяросамі ў скрыначках; крадучыся і саромеючыся, нясьмела падышла старэнькая бабулька і папрасіла ахвяры.

Увесь пляц варушыўся і мігацеў, прымаючы некі цудоўны выгляд пад белым трапяткім сьвятлом электрычных ліхтароў. У ценях Вэрманаўскага парку раздаваўся сьмех і згушчаны тупат гуляўшых. Здалёк, з Задзьвіньня ды з іншых канцоў гораду, даносіліся розназычныя гудкі.

У іх оркестры Рыгор падлавіў знаёмы яму гудок з свайго заводу. Адметны ад другіх, басісты, хрыплаваты, ён пралез у Рыгорава нутро і разьліў у ім джаролца дбайнай будзёншчыны. Побач з гэтым, узьняліся ў яго галаве рупныя думкі аб заўтрашнім раньні, калі гэты самы гудок праб’ецца праз акно яго каморкі, падніме з пасьцелі і пагоніць на завод. Перад ад’ездам на пабыўку думалася: мала што можа трапіцца за столькі часу! І завод пакідаўся бязуважна, як быццам гінуў з яго вачэй. Але час, праведзены за межамі заводу, прамігнуў як маланка, нічога не зьмяніўшы ў Рыгоравым жыцьці. Цяпер-жа ён зноў вярнуўся назад, у той-жа горад, да таго-ж заводу. І толькі адна ноч аддзяляе ад духаты і пылу, ад разгойданага гудзеньня і гострага вока майстра. Але ўжо праз колькі хвілін яго ахапілі зусім іншыя раздумы, іншае хаценьне; гостра закарцела,