Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/223

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

VI

СТАРЭНЬКАЯ БАБУЛЬКА, што сядзела поруч з Рыгорам, суцешна паглядала на іх, адобрана ківала галавою і сама сабе ўмілялася. Не пакідалі бяз увагі Рыгора з Ганкаю і занятыя пільнай дзелавою гутаркай між сабою пасажыр — мужчына са сваёю кабетаю: час-ад-часу, ня кідаючы гутаркі, адварочваліся яны к акну, азіралі з ног да галавы і Рыгора, і Ганну, вымаўлялі па іх адрасу пару слоў і пераходзілі да свае гутаркі. Цікавіліся імі і астатнія двое пасажыраў з іх аддзяленьня. Толькі бачыўшы за сваю службу на чыгунцы шмат чаго цікавага, заклапочаны кондуктар, параўняўшыся з іх аддзяленьнем, бясцырымонна, ня лічачыся ні з чым, прагукаў:

— Вашы білецікі!

— Дзе мы ўжо будзем? — запытала Ганна і паглядзела ў акно вагону.

— Зараз праведаем, — адказаў Рыгор, таксама выглянуўшы ў вакно.

— Хутка Малажава, дзеткі, — умяшалася бабулька.

Рыгор з Ганнаю адхіліліся ад акна і зноў паселі на сваіх мясцох.

— Малажава, кажаце? — перапытаў Рыгор.

— Але… А вам, дзеткі, куды трэба? Ня ў Вільню часамі? — зацікавілася бабулька, задаволеная тым, што нарэшце знашлася магчымасьць адчыніць рот.

— О, не, цётачка, мы едзем далей… але па дарозе на Вільню.

— Далей! Яшчэ нават далей ад Вільні! О-ё-ёй! Ды мае-ж вы дзеткі! Ды навошта-ж вам так далёка забірацца ад дому? І ці вас бацькі спакойна адпусьцілі ў гэтую даль?

Ганна ўкрадчыва пасьмейвалася, гледзячы на бабульку. Рыгор спагадліва пазіраў на яе, гатовы і далей гутарыць з ёю…

— Ды што казаць аб дзецях, вось вы старая і таксама едзеце кудысьці, — уставіў ён.

— Так, можа і так, — задаволеная тым, што з ёю ахвотна Рыгор гаворыць, казала яна далей: — жыцьцё гэткая рэч, што вымушае часта рабіць тое, чаго-б і не хацеў. Ты кажаш, дзеткі, што я старая, а еду; мушу, родненькі, ехаць: забралі, вось, два гады таму назад сына у салдаты і з таго часу ня бачыла, ня