Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/220

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сёмка не дасказаў, насьмешліва, пакачаўшы галавою.

— Я бачу, ты вельмі скора ўліп у яе…

Рыгор здаволена ўсьміхнуўся і нічога не адказаў.

— Ну, бывай здароў! Шчасьлівае дарогі! — пажадаў Сёмка, яшчэ раз пацалаваўшыся з Рыгорам.

Той памахаў яму ўсьлед капялюхом, пастаяў з хвіліну і вярнуўся ў клясу.

І толькі ён пасьпеў падыйсьці к дзяўчыне, як сярод пасажыраў падняўся рух і бегатня. Усе ўзьняліся з сваіх месцаў, хапіліся за клумкі і куфэркі і кінуліся к выйсьцю на пэрон.

Пачуўся званок, абвяшчаючы падыход поезду.


V

РЫГОР са сваёю спадарожнай, не сьпяшаючы, вышлі з клясы, абгледзелі вагоны і накіраваліся ў другі ад заду. У вагоне было свабодна, і яны занялі ў першым ад выхаду аддзяленьні два месцы пры акне. Рэчы свае і дзяўчыны Рыгор гаспадарна ўладаваў на верхняй лаўцы, а сярэднія дзьве прыназначыў пад спаньне, павесіўшы на кручку з аднаго боку сваю жукетку, а на процілежным — дзяўчыніна паліто.

— Вось цяпер спакойна можам ехаць аж да самае Рыгі, — пацешыў ён новазнаёмую: — хочаце, пойдзем на пэрон на хвіліну-другую ?

— Каб не спазьніцца… Во, другі званок…

Яны ўсё-ж падышлі к дзьвярам вагону і агледзелі пэрон. На пляцформе кішэла народу: адны пёрліся са станцыі, сьпяшаючыся ў вагоны, другія на момант выскаквалі з вагонаў і мерыліся зьбегаць на станцыю ў буфэт; трэція нясьлі ў руках розныя рэчы, купленыя ў буфэце. Папарна праходзілі сюды-туды ўсьцяж будынку станцыі праважатыя і проста цікуны, што прыходзілі, ня гледзячы на гэткую рань, да кожнага поезду на станцыю пагуляць і паглядзець на пасажыраў. Каля дзьвярэй пры сьцяне выдзялялася некалькі хвігур рамізьнікаў, якія пільна сачылі за прыехаўшымі у Ліцк. Як угарэлыя, бегалі ўзад ды ўперад насільшчыкі, парожныя і з паклажаю ў рухах: некаторыя з воклічамі правозілі к багажнаму вагону пошту і варочаліся з тачкамі к багажнаму аддзяленьню.