Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/191

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з мяшком на плячы. «Ці не па мяне ўжо яна ідзе?» Падумала Зося ўголас: «бадай, у траву сабралася. Якая руплівая гаспадыня!»


II

НЕ ЗАЎВАЖЫЎШЫ Зосі, Волька прашла ў двор і паглядзела у акно.

— Заходь, заходзь, ня ўзірайся. Я дома, — пазвала Зося.

— А я думала, што цябе нямашака ў хаце, — адказала з надворку Волька.

— А дзе-ж я буду?

— Мала дзе! Як быццам яна ўвесь час з хаты ня вылазіць!

— Усё-ж ня гэтак, як ты. Ты вельмі ужо зарупілася.

— Трэба, бачыш, нічога не парадзіш.

Волька ўсьміхнулася.

— Дык яно так, але… усё-ж, галубка, зайдзі ў хату.

Волька адышла ад вакна і накіравалася да дзьвярэй. Зося падбегла к люстэрку і паглядзелася: на ёй усё было акуратна. Заплеценая каса спускалася уздоўж плеч; пасамкі валос, брыжастаю тасьмою аціналі яе белы, крыху стомлены твар; але насьпех адзетая спадніца і кашулька сьведчылі аб лёгкай на гэты раз нядбаласьці Зосі. У агульных рысах яе фігуры, стройнай і ціканай, вызначалася сьвежая малажавасьць і рэзвая лёгкасьць, якія рабілі яе зусім непадобнай да стараннага аратага і жняца.

— Што ты углядаешся так пільна? Харошая ўжо, харошая, — пажартавала Волька, увашоўшы ў хату.

Зося здаволена усьміхнулася і адказала:

— Ведаеш, ужо з гадзіну, як устала, а неяк усё ня было як і на сябе паглядзець.

— А бачыш, я дык ужо пасьпела мяшок травы прынесьці, ды вось ізноў сабралася ісьці.

— Я-ж кажу, ты ужо завельмі рупная гаспадыня.

— Трэба, цудная ты! Вунь, маці нешта залягла з учарашняга вечару, дык хто-ж зробіць за яе?

Волька падышла к люстэрку і пацікавілася на сябе.

— Зосечка, што-ж ты ня кажаш? Я-ж проста, як страшыдла якое! І ты-ж падумай у гэткім вось выглядзе, як цяпер… сустрэлася раніцою з Сёмкам… Х-ха-а-ха!