Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/190

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

абмежнае ласкі, зьліваецца з ім у вадно суцэльнае… Вось, як цяпер, чуе яго цёплае дыханьне, ловіць пасьпешны бой сэрца і… тане ў хвалях кіпучага шчасьця…

Зося заплюшчыла вочы, замерла ў спакоі, каб паўней уваскрасіць нядаўнія часіны каханьня, як раптам у яе вушы ўрываецца гостры, калючы сьмех: Хі-хі-хі! Хе-хе-ха-ха! — паднімае яе з падушкі, неміласэрна трасе яе постацьцю.

Зося ўстала на калені, хапілася рукамі за голаў, сьціснула зубы і ўся ўскіпела ад нявыказнай злосці. Стук дзьвярэй вярнуў яе к рэчаіснасьці: яна адвярнулася к дзьвярам, паглядзела, — то ўвашла Тэкля.

— А, ты ўжо ўстала, Зося? — запытала дзяўчынка, нібы ўнесеная у сенцы сьвятлом яскрава раньняга сонца: — а я ўжо йду будзіць цябе. Мама ў гародзе рве зельле…

— Зачыняй дзьверы, я ўстану, — адказала Зося.

Тэкля ўзялася за клямку і ціха павяла з сабою дзьверы, любуючыся тым, як яны заграбалі за сабою ўпушчанае пры адчыненьні сьвятло, вымятаючы яго йзноў на двор.

— Як адзенешся — пазаві нас, — сказала Тэкля, бразнуўшы дзьвярыма.

У сенцах ізноў стала цёмна, Зося саскочыла з ложка і выбегла на палойку праменьня, якое ўлівалася праз аконца. Выбегла й стала як, статуя, выпрастаўшыся і ўстраміўшы ў аконца вочы. Пастаяла, паглядзела. Пасьля адняла ўзрок і правяла ім па сваёй постаці. Пацешылася бялізною рук, зірнула на грудзі, здаволена ўсьміхнулася і хутка ўбегла ў хату.

Сьвятло абдало Зосю і на момант асьляпіла яе. Зося спынілася ў парозе, пастаяла крыху, пасьля працёрла вочы і аглядзела хату. У хаце было ціха, чыста і прыемна. Усё было ўладавана на сваім месцы. Зосі кінулася ў вочы, што на кручку, які тырчаў у тыльнай сьцяне, нічога ня вісіць — гэта значыла, што бацькі няма ўдому. Яна падышла да мыцельнікавага акна, паглядзела направа ў канец двара, к паветцы — там воза ня было: значыць, бацька паехаў на поле. Чаго і што — Зосі ня цікавіла, абы яго ня было ўдому і некаму будзе раздражняць яе.

Як нібы-та тая, спакойна і важна прашлася яна некалькі разоў па хаце, пасьля падышла к вулічнаму акну і паглядзела. Праз хат дзьве ўгледзела Вольку, якая сьпяшыла кудыйсьці