Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/184

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён абягаў ўзрокамі кожную хатнюю рэч, вешалку і траму, печ і кручкі ў сьценках, выпуклае бервяно ў тыльнай сьцяне і закураны комін, пахілены чатырохкутнік дзьвярэй, і сточанае шашалем абшаляваньне вокан. Усё, здавалася, слала яму разьвітаньне, кончаючыся ў пераплёце хатняе мозаічнасьці.

Але ў асяродку стаяў чамадан, і Рыгор накіраваў проста.

Хутка шчаўкнулі замочкі, і ёы стаў дзяржаньнем у гору.

Хведар працягнуў Рыгору руку, а другою абняў яго праз плячо.

Яны пацалаваліся, і Стэпа адазвалася на гэта галосным усхліпам.

— Годзе-э, маці! — разважыў яе Рыгор, і яго голас паглынуў стук дзьвярэй, упусьціўшых Сёмку за чамаданам.

Сёмкава маці сваімі развагамі Стэпы скрала выхад Сёмкі.

Аднак выхаду Рыгора з хаты нельга было ўнікнуць ад Стэпінага разжалобленага плачу.

На вуліцы Рыгор азірнуўся ў бок Загорра і ўбачыў, як перад ім заматалася некалькі рук. Ён углядаўся, ды зацягнутыя жалем вочы не маглі распазнаць нікога.

Між тым махаўшыя рукамі, Гэля і Волька, пасьпелі нагнаць яго пры павароце на Сівулінскую дарогу.

Абедзьве таварышкі пажадалі Рыгору шчасьлівае дарогі, неадхільна сачылі, пакуль падвода з праважатымі не схавалася за заломам.

Гэля і зараз не забыла выказаць пажаданьне ўбачыцца ў горадзе…

І як той раз, атрымала ад Рыгора цьвёрдае адабрэньне.


За мястэчкам, на Крыжавых дарогах, Сёмка спыніўся.

Рыгор аглянуўся на Сілцы і радасна ўхмыльнуўся: яны праводзілі яго зеляньню сваіх садоў і отсьветамі цёплага сонца ў вокнах хат, бесклапотнымі дзецкімі выгукамі і баявым нарастаньнем гарбарскае забастоўкі.

З-пад Хвойніку дзьмуў лёгкі ветрык, пасылаючы ўдагон водырны пах красуючага жыта і пахкае хваёвае смалы.

Рыгор апісаў у паветры шырокае паўдужжа і расцалаваўся перш з мацерай, пасьля з Пятрусём.