Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/182

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Але, сынок, — дадала Стэпа.

— Будам бачыць… Бывайце…

Ён порстка выбег з хаты. Не пасьпела Стэпа засунуць дзьверы, як Сёмкаў сьвіст пачуўся з-пад яго хаты.

У лямпе выгарвала газа.

— Бачыш?

— Лажэмся ўжо…

Стэпа справіла Рыгору пасьцель і патушыла лямпу.


VI

ЗА МАЛЕНЬКІМ СТАЛОМ сядзела адзін пры другім чэцьвера мужчын і двое жанок. То былі Рыгоравы таварышы, Сёмка і Пятрусь да Сёмкаў бацька — Хведар. З жанчын былі — Хведарыха і маці Рыгора. Яны сышліся правясьці Рыгора, і Стэпа не абмінула, каб іх пачаставаць.

— Гэта можа вясельле, можа… можа першая і апошняя бясёда з-за Рыгора, мае суседзі дарагія… — спавядалася Стэпа.

— Кінь! Кінь, суседка. Вось я ўжо гэтага ня люблю… — Разважаў Хведар: — Або твой сын навекі з табою растаецца? Або ён адзін такі ў сьвеце? Хто ручыць, што мы заўтра, вось, гэтых малайцоў ня будзем праводзіць?

Хведар накіраваў два пальцы на Пятруся і Сёмку.

— Ня журыся, Стэпа, дарма. Чым дрэнна, што Рыгор зьвязаўся з горадам? Ты пацешся ім, якавы ён у цябе. Людзям на завіду. Ты-б хацела, каб хлопец, як чарвяк, у зямлі калупаўся? Або за балагола цягаўся? Цудная! Нашоў талент — няхай трымаецца… Добра… Каб у мяне ня інакшае палажэньне — хто-б Сёмку пры куце трымаў? Бяда, што я нядушлы ды нейкі шматок зямлі прыліпла да ног, а то-б… Ды мала яшчэ што выдзе з часам. Бывае так, што кінам-рынам зямлю і… Або, вось, Пятрусь, думаеш, ня жыве думкамі ў горадзе? Не прападзе — э, таксама. За тое многа выграе, ніж будзе тут па падзёншчыне цягацца… Трэба цешыцца з сына, а не плакаць па ім.

Хведарыха дапаўняла мужа:

— Але, але… Стэпачка, я-ж дык ня зьдзіўлюся з Рыгора. Бярэ завісьць, паглядзеўшы. Чысты, акуратны, белы, як пісар які. Паглядзі на яго і параўнай з нашым, або з Пятрусём…