Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ды ня рупся ўжо так аб папары: я і сам здужаю зрабіць гэта, — умяшаўся Мікола.

— А ў вас хіба яшчэ не пазяблены папар? — ні то зьдзіўлена, ні то са скрытаю ўсьмешкаю, праказаў Васіль: — А я ўжо пасьпеў усё скончыць; цяпер толькі скарэй-бы тая касьба падыходзіла…

— Ну, ты, вядома, як рупны ды старэнны гаспадар, ды яшчэ пры тым малады і здаровы хлапец, а мы… што нам раўняцца, — з гэткаю самаю думкаю адказаў Мікола, і ўпічліва-калючая ўхмылка зрабіла плыценькую маршчынку на яго гладкім пукатым ілбу.

Зося таксама спатайку ўхмыльнулася і, каб Васіль не прымеціў гэтага, апусьціла галаву к зямлі, быццам чагось шукаючы, потым барджэй адбеглася ад стала і кінулася к вулічнаму вакну.

— Вунь дзяўчата ўжо гуляюць у Прахора на прызьбе, — праказала яна, угледзіўшы, што на суседняй прызьбе зыйшлася зборня: — дайце такі хутчэй вячэраць, да выйду крыху пагуляю, — абернулася яна да мацеры.

— Ну, добра, ну, усядайцеся за стол, я даю, вось.

Доўга не чакаючы, Мікола памыў рукі, і палез на покуць; ля яго, з правае рукі, як і заўсёды, уселася Зося, па другую-ж руку — маленькая Тэкля.

Васіль нязьмігутна сачыў за кожным паваротам Зосі і сядзеў як на шылах, дрэнчучы, каб хаця ўся гэта цырымонія з вячэраю скарэй скончылася. Але выходзіла супроць яго чаканьня; Марта, вясёлая і рэзвая, быццам найшло на яе нейкае натхненьне, хутка выбегла ў сені і праз хвілю зьвярнулася ў хату з бутэлькаю гарэлкі, густа закрашанаю вішнёвым узварам свайго гатунку; потым спрытна зьняла з гратаўкі дзьве фарфуровыя талеркі і на адну з іх палажыла тоўстых кускоў ўдалага жоўтага сыру, а на другую — нарэзанай мернымі крыжэнікамі каўбасы і ўсё гэта пасьпешна прынясла і паставіла на стол, засланы прыгожым квяцістым абрусом.

— Ну, Васіль, проша з намі за стол, — абярнулася яна да Васіля, які зразу, толькі скмеціў у Марціных руках тарэлку, перамяніў настрой і чакаў нечага цікавага для сябе. І калі Марта яго запрасіла за стол, ён стаў далікатна аднеквацца:

— Не, не, цётачка, дзякую вам, дужа дзякую за вашу просьбу; я толечкі што ад вячэры; не хачу; не, нізваньня, не хачу.