Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сілцох) моцна і горача, як можа толькі любіць чалавек з яго розумам, з яго палажэньнем, Васіль мучыўся ўвесь час адным: яму ўсё думалася, што Зося яго зусім не кахае, а калі зрэдку і сустракаецца, а стрэўшыся перакінецца некалькімі словамі, ці пройдзе крыху, то гэта ўсё так сабе, па далікатнасьці толькі; сэрца-ж яе ляжыць зусім к другому: к таму, як відаць, «гарацкому жуліку і арыштанту» Рыгору Нязвычнаму. Ён ужо ад многіх чуў, што Зося з ім абменьваецца лістамі, што заўсёды забегвае да Стэпы, яго мацеры, каб праведаць аб ём; ды нават заўсёды, проч гэтага, і з ім, Васілём, у гутарцы яна ні званьня не саромяецца ўспамінаць яго самага большага ворага. І гэта ўсё так прыкрыла Васілю, так мучыла яго, што ён ня ведаў, якімі-б лекамі збавіцца ад гэтай хваробы…

— «Ах, ах, — пачасту раздумываў ён: — хай-бы яго там якая немач прыдушыла, каб ён ня мог ужо вярнуцца сюды і чмуціць болей Зосю… Або… не… каб, як, здаецца, яе бацькоў падбухторыць, то яны-б яе скора аднадзілі-б ад яго… Толькі, апроч усяго, дзівуе мяне адно: і што гэта за дурасьць найшла на дзяўчыну? Хіба-ж яна нічагуткі не разумее, і ня бачыць той вялізарнай розьніцы, якая ляжыць паміж мною і тым галяком, зьбегляцом тым?.. Але — нічога: бацькі яе хітрыя і, як я бачу, бацька крута схіляны к таму, каб яна іначай думала».

І цяпер, тупаючы па хаце, ён у соты раз перадумываў блытаныя, неразгаданыя свае думкі… Нешта нашэптвала яму, каб ён асьмеліўся і пазваў Зосю выйсьці на вуліцу, прысесьці дзе на прызьбе ў дваіх і расказаць ёй усё тое, што сабралася ў яго на душы, вылажыць усе свае тайны; але нейкая нясьмеласьць, нейкая цёмная, дзіцячая баязьлівасьць стаялі папярок і нахабна стрымлівалі яго рашэньні, прасьцерагалі ад лішняга давера к Зосі.

І няведама, чымсь-бы і як усё гэта скончылася: пазваў-бы ён Зосю сам, ці яна-б мо’ намякнула яму сама, а мо’ і ні ён ні яна не абазваліся-б словам і з яшчэ большаю пустэчай у душы, прышлося-б Васілю моўчкі пакінуць хату Прыдатных, каб — як на тое ішлося — ня Марта, каторая трапна ўсё вывела на новую дарогу.

— Зося, га, Зася! — абярнулася яна к дачцы: — вось на, бяры, скарэй павячэрайма да выйдзі сабе крыху на вуліцу пагуляй; толькі адно, дачушка, ня баўся, а то заўтра з раньня трэ’ будзе ехаць пазябліць у Лагорах ганоў з чацьвёра папару…